Чтение онлайн

на главную

Жанры

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

1966

Мая мова
Ў добры час, на улонні вясковым, дзе вадзіца крынічная б’е, навучыўся я матчынай мове і задуманых песняў яе. Многа ёсць недасягнутых скарбаў, яшчэ болей прываблівых мар. Я яе ні за што не аддаў бы, бо яна — найвялікшы мой скарб! Яна гойдае спевам калыску, літасціва шчабеча ў бядзе, на ёй песні складаюць вятрыскі ў неспакойны, разбуджаны дзень. Мая мова не знае змярканняў ад маленства да старасці лет, буду песціць яе, як каханне, разглядаць, як чароўны букет. Можа, мовы чужой навучуся, каб суседзяў гасцінна вітаць, але толькі на ёй, беларускай, буду людзям аб долі пяяць. Мая мова — як шчасце на вуснах, хвалявання гарачы прыбой, можа быць, на чужой засмяюся, ўсё ж заплачу з тугі на сваёй.

1966

* * *
Не бярозаю і не калінаю з салаўямі на досвітку млець, ані вечна зялёнан ялінаю ў снегапады і ў спёку шумець. Не лябёдкай, не скрыпкай ліповаю — я хачу, як апошні наш зубр, сільнай быць, гартаванай, суроваю, так цвярдой, бы пушчанскі наш дуб. Хачу ўстояць — каронаю ў просіні, а карэннем ад сэрца зямлі,— ад нямілых, ліхіх, ад няпрошаных сваім голлем яе затуліць. I пяяць ёй ліствою, галінамі, кожным нервам карэнняў кахаць. Яе лёс, яе шчасце праўдзівае на дубовыя плечы узняць. Старажыць, засланяць, безбаронную, ад чужацкіх разгулаў спыняць і удар, ў яе
сэрца скірованы,
трапяткім сваім сэрцам прыняць.

1966

Моладзі
Дзень мой гасне, жыццё на змярканні адплывае, як хвалі ракі. Добры дзень, маладыя зальвяне, дарагія мае землякі. Раніцой выбягаеце з вулак, бы вясёлы, жывы ручаёк, спяшыце, быццам пчолы у вулей, на няўмольны, працоўны званок. Са слядамі марозу на шчочках, з сумкай, поўнаю кніг і сшыткоў. Вашы крыху заспаныя вочы мяне часта вітаюць без слоў. Дзень за днём я душою вас мераю. Часам радасць, а часам сумнеў. I глядзіш, з малай вусені шэрае матылёк аж пад сонца ўзляцеў. А да сонца дарога адчынена, толькі крыллі расправіць шырэй. Захацець — і ўсё стала магчымае для харошых, працоўных людзей. Няхай ваша вяснянае «сяння» стане стартам да новых змагань, да навукі, да працы, да знанняў, да высот, да жыцця без заган. Моладзь — гэта надзея, світанне, каласы нашы і васількі. Ў добры ж час, маладыя зальвяне, дарагія мае землякі!

1966

* * *
Час пазрывае галіны з камля, камень ад гадоў струхлее. Жыць толькі будзе па нас зямля, якая штогод маладзее. Хочаш не хочаш — ты жменька яе, цяжка на гэта згадзіцца, што рана ці позна яна нас спаўе, прытуліць, каб не разлучыцца. Так зроблена мала мною ў жыцці, гляджу — і ужо вечарэе. Дай мне, зямля, яшчэ раз прарасці над Нёмнам тваёю надзеяй.

1966

Гудзевічы
Плодам цвет становіцца увосень, хлебам — колас буйны на мяжы, боль — жыццёвай заваддзю адносіць, толькі памяць застаецца жыць. Калі вецер зашапоча лісцем, раскалыша неўгамонны лес,— памяць валачэ мяне ў дзяцінства, ў дзедаў кут, у гудзевіцкі бэз. Цвіў той бэз, як цуд, на ўсіх дарогах, апіраўся на амшэлы брук, воблакам суквецця ля парогаў нахіляўся да дзіцячых рук. Ўсюды папялішчы і руіны і з каменняў голыя муры, толькі неба ў лужах каляінаў, залаты сярпочак угары. Бой заціх, кругом пустое поле, дзевяць вёснаў на маім вяку, я вучуся ў Гудзевіцкай школе, лётаю па бэзавым вянку. Сівы дзед мой, пан з сям’і мужыцкай, гэтак дзіўна ўнучку гадаваў, сыпау шчодра у прыполік дзічкі, залатоўку на сшыткі даваў. А зімою браў к сабе на санкі, затуляў з каленцамі ў кажух, да бацькоў мы гналіся маланкай, аж званочак хахатаў паўкруг. А у школе? У школе ўсё па-польску. Не «адзін», а «едэн», «пенць» — не «пяць», «буль» — не «боль» і «бэндзе весь» — не «вёска»,— вучыць пані дзетак размаўляць. Мы пяём, адказваем, чытаем, а калі выходзім на парог — гаманіць Радзіма дарагая, роднай мовай плешчацца ў грудзёх. I на ёй, адзінай, звоняць росы, зоры палымяныя ўначы, на зары разбуджаныя кросны, дзеўчына, па воду бегучы. Маладзіцы ткуць ляны, бывала, песні вечарынамі пяюць... Нават ноч пад дрэвамі сціхала, толькі б песні гэтыя пачуць. Валаконцы у дзіцячай жмені, ляскатанне церніц-сакатух, верацёнаў танец летуценны, на кудзелі залацісты пух. Маладая пралляў задумёнасць, досвіткамі казкі без канца, белая, зімовая чароўнасць, ў пост вялікі хвосцік селядца. Ўсё гэта завалакло гадамі, я сягоння ў сваім краі — госць. Варушу вось цяжкі, шэры камень, што маю прыціснуў маладосць. Ціхі боль, якому не уняцца, незнарок разбуджаны ўспамін пра мазольныя далоні ў працы, пад сярмягай — людскасць і цяплынь. Гудзевічы, род мой незабыты, беларуская мая сям’я. Дождж змывае з надмагільнай пліты дарогое дзедава імя...

1966

Зла няма
У прыродзе зла няма, усё умоўнае. Спыніўся бой — адразу боль заціх і роў цвіце! Прырода ж не дароўвае. Прырода проста родзіць за дваіх... Няма калі ёй бесканечна хмарыцца, зялёных рук няма калі ламаць,— вось толькі што халаднаватай раніцай раса пасыплецца на сенажаць... Асушыць ветрыкам, усцішыць працаю, абмые ліўнямі сляды пакут, трэба расці-цвісці, трэба змагацца ёй, на ранах, попеле тварыці цуд. Яна не мсцівая, злопамінальная, яна красуецца, яна жыве, таму прырода мо і незнішчальная, хавае шрамы ўсе ў буйной траве... Людскому сэрцу так сказаць бы горача: «Змый роснай раніцай ўспамін крыві, змый хваляй Нёмнавай пакуты горычы і, як зямля твая, твары, жыві!!!»

1966

Куфар
Быў час ў маім Краі сягоння туманны, аднесены хваляй, час прадзены, тканы. Працоўныя рукі каханай матулі усіх накармілі, усіх апранулі. Ад лёну зярняці да белых палотнаў паслала, спрала, паткала ахвотна. Не проста, не роўна, а ўсё пераборам, пад колер краіны цудоўным узорам. О сэрца матулі, жывая крыніца, дазволь мне сягоння ля куфра спыніцца. Над працай тваёй у паклоне сагнуцца, ўспамінам мазольнай рукі дакрануцца. За тое, што нас ты вякі апранала, за тое, што лёгка табе не бывала. * Шырокі, высокі, акованы куфар, малёваны вокал, з клямкаю са сталі, не стыдна б такому і на панскі хутар. Куфар незамкнёны, бо у нас не кралі. Загарнула бабка посцілку удвое і нядужай века падняла рукою. У пахучым куфры важна ўсё ляжала, што сама бабуля працай рук прыдбала. Быццам водар з поля пранясло ля хаты — так запахла лугам, чабаром і мятай. * Ах, ляны, ляны — залатыя сны, белы кужаль — цвет вішнёвы на грудзях вясны. Ля маёй мяжы век бы ім цвісці: поўны куфар тканай белі — замуж можна йсці. Сінія ляны, зіхацяць яны. Ў бурны Нёман на світанні выплылі чаўны. Наперадзе той, каго Пётрам зваць. Мне бы сёння на красёнках сонейка снаваць… Адцвілі ляны. Восень, туманы… Буду церці кволы лён мой, прасці да вясны. Буду віць, снаваць, досвіткамі ткаць, вечарамі прыйдзе Пётра песняй памагаць. * Палатна сувоі белыя, льняныя, стаяць, нібы сваі цёсаныя тыя, спрадзеныя тонка, вытканыя туга, выбеліў іх травень сонейкам і лугам. Вечарамі колькі трэба было прасці, колькі ткаць, бяліці, пакуль ў куфар скласці. * Бела навокал, аж вочы баляць, вішні лунаюць ля плота, белы ўвесь сад, беляхціць сенажаць — то сонейка беліць палотны. Белыя косы, бялявы хлапец каля дзяўчат завіхнуўся, з песняю выйшлі дзень белы сустрэць белыя, белыя, русыя. * Сцежкамі у полі ўздоўж дарожных даляў вышытыя розна ручнікі ляжалі, белыя, даўгія — гэтак ў час мяцелі студзень каля хатаў чысты снег пасцеле. А на іх рукою вышыты жаночай сінія валошкі з макамі ў вяночак, галубок і пеўнік, ягады каліны, нагаткі, рамонкі, гожыя юргіні. Па канцах карункі тонкім павуценнем альбо пераплётам фрэндзлі зіхацелі. Ў покуці павесіць, на абраз у хату, альбо перакінуць цераз плечы свату ручніка такога не ўстыдно дзяўчыне, знача з працавітых, калі поўна скрыня, няхай паглядаюць і сваты, і госці — колькі вышыванай, любай прыгажосці. * Пальцам няцяжка нітачку віць, долю з праменных валокнаў, нітачка ўецца, песня ляціць, зоры калыша звонку. Дзеўцы няцяжка кросенцы ткаць, ўзор вышываці не сумна, на ніцях, на струнах чаўночкі мігцяць, за імі снуюцца думы… * Белыя кашулі, рукавы ў заборы, пазуха
скрозь-наскразь вышыта узорам
чорным і чырвоным, ў васілёчкі — сінім, роўненька пры боку зложаныя ў скрыні. Некалькі настольніц з найтанчэйшай пражы, а у кожнай колер і узор інакшы! Вось бліскучы, ў восем нічальніц, шырокі і другі, ў чатыры, з фрэндзлямі навокал, той з льняной карункай, мяккі, бы шаўковы, той утком суровым на другой аснове… Вось, здаецца б, выняў, на сталы паслаў бы і гасцей жаданых пасадзіў на лавы, пірагі паставіў, частаваў бы мёдам, ганарыўся працай і харошым родам.
* Дываноў жа столькі, ўсе па лёне воўнай. Глянеш — як на ніве: зелена, чароўна. Тканыя ў гурочкі ў нічальніц чатэры васількамі тымі па аснове шэрай. То узорам чорным па утку зялёным, то па белым — сінім, бы расой замглёным, то ў вянкі, ў алені нейк перабірана, быццам не рукамі, а машынай ткана. То з адное воўны дываны на сані. Ярыя, як вішні, кутасы звісаюць. * Дываны — луг квяцісты ў руках, мары дзіўныя, ўтканыя ў ніці, каляровы дзявочы пасаг, промень шчасця з жыццёвай крыніцы. Кветак спеў, чорнай долі на злосць, кліч тугі, апяяны узорам. Дываны — маладосць, прыгажосць, гоман сэрца жывы і задорны. Калі ходзе дзяўчына, як мак, калі хата цвіце дыванамі, не мяняўся б ніводзін юнак сваёй доляю нават з панамі! * А хустак, як макаў! Розных шаляновак з дзён яшчэ дзявочых, сініх і бурдовых. Цёмныя — у цэркву, калі пост надыдзе. Ясныя, як сонца, — тыя на Вялікдзень. У кветкі, юргіні, каласы і зелень. Тыя — йсці ў гасціну, тыя — на нядзелю. Ясны шоўк — на свята, а паркаль — на будзень. Ёсць у чым бабусі паказацца ў людзі. * Кветка у полі — галоўка жанчыны, сонца ў вачах, а сама — сцебялёк, хустку на косы вясёлкай накіне, каб макам ці ружаю ззяла здалёк. Чыстую, светлую альбо узорную, часам чырвоную — ў радасны дзень, часам ўдавіную, сумную, чорную: без хусткі ў людзі дзяўчына не йдзе. Гнуцца на сцежкі сцяблінкі чароўныя, кветкі на косах залётна нясуць. Сёстры бярозаў, танклявыя, стройныя, Краем сваім беларускі ідуць. * Яшчэ адна хустка, цёплая, цяжкая, баба яе велькай хусткай называе. Ёю ў непагоду добра атуліцца, старым у дарозе і для маладзіцаў. Мяккаю, шырокай, зложанай удвое, ахінуць ля сэрца дзіцянё малое. Вось ляжаць ля хустаў, скручаныя роўна, горкі саматканых паяскоў цудоўных. Ў ёлачку, у пчолку, вузенькіх, шырокіх, каляровых, розных — не палічыш вокам! Паясочак сіні — недзе ад матулі, а чырвоны, яры — мужу да кашулі, а вось гэты — гожы, доўгі, з кутасамі, падпяразваў святам бабін брат часамі. Загудзелі дуды, гуслі заігралі, брат скакаў, а з ветрам кутасы ляталі… І слязу змахнула рукавом бабуся, бо адзіны брат той з вайны не вярнуўся. А шырокі пояс, зложаны ў дзве столкі, падпярэзваў колісь дзед бабулін толькі. Зіхацеў на свіце, шырынёй — бы ў пана, толькі што не слуцкі, а удома тканы. Хутчэй, чым прыняці той абычай панскі, спадабала шляхта паясок сялянскі, не слуцкі — родны паясок зрадзіўся, а насіці пояс пан ў сялян вучыўся. * Зноў хусткі, палотны, ручнікоў ці мала, ўсё гэта дарылі бабусі, бывала. Гэтакі абычай й сёння не загінуў: без гасцінца людзі не йдуць у гасціну. Ці то маладога ў войска прызываюць, ці далёка сына з хаты выпраўляюць. Дораць на радзіны і на наваселле, дораць на хрысціны, дораць на вяселле бацькоў маладога і сястру, і брата, дораць музыкантаў, шчодра дораць свата. Гуляюць вяселле. П’юць сябры не дарам! Дораць ўсе ад сэрца маладую пару. Дружна пры гасціне п’юць, пяюць, гавораць, выйдуць — патанцуюць, і ўсё дораць, дораць. У старэнькай бабкі, як у маладзіцы, каптаноў ўсялякіх, блузаў ды спадніцаў. Андарак вішнёвы з долам аксамітным, андарак матулін, стужкамі расшыты, цёмна-маліновы, клетачкаю роўнай, гарусам патканы, сіненькім па чорным. Андарак у паскі, ўпоперак, пярэсты, гэткія насілі некалі дубенцы і з другіх, суседніх каля Дубна1 вёсак. На яго казалі проста: занямонскі. Каля іх ірдзіцца вышыты сардачак, сіні, аксамітны, бабчын, не іначай, зубчыкі навокал з жоўтай атарочкай, вузенькі, прыгожы, як ўспамін дзявочы. Цяжкі сувой суконны дзедаві на світку, зваляны, патканы ў суканую нітку. Гэтакае світкі дажджам не адужаць, не праняці ветру, не прабіці сцюжы. На каптан для дзеда вытканы святочны, глянеш, возьмеш ў руку — крамнага не схочаш. Доўгія губіцы посцілак нясшытых, нагавіц суконных пад кажух ці світу. * Хвартушок — гэта белае дзіва, найтанчэйшы, з кудзелі лянок, гэта гонар ўдалой маладзіцы, кветкі — ўзорным вяночкам ля ног. Можна ім закрыць вочы ад шчасця, калі шчокі калінай ірдзяць, схаваць слёзы, калі не удасца тое шчасце навекі ўтрымаць. Хвартушок — чарадзейнае хусце — гэта стан твой задорна абвіць. Ў бель чаромухі голаў чыюсьці ў забыцці на хвартух палажыць. Хвартухоў у бабкі — розна вышываных, белых, ясных, сініх, дарагіх і танных, гэтыя — на будзень, тыя — пад кудзелю, гэтыя — ў гасціну, тыя — на нядзелю, гэты — йсці у цэркву, той — на дзень кірмашны, на канве рабінай вышыты, інакшы. А вось гэты, ў кветкі, з тоненькае пражы — то на смерць бабуся адлажыла важна. Гэткая кашуля і каптан навюткі, андарак сліўковы, хуста і абутак — ўсё гэта заўчасу зложанае ў скрыні і чакае толькі той сумной гадзіны, каб у раз апошні, гожа, па-сялянску, апрануць бабусю без чужое ласкі. Гэтак і для дзеда, гэтакі абычай, — ўсё ляжыць, чакае, покуль смерць пакліча. А ў малым прыскрынку, што збоку прыбіты, акрамя караляў, стужак аксамітных ёсць і жменька грошай — на долы, на труны, на шчырасць апошняй гасціны хаўтурнай. * А дзе пахаваці? Бабусіна воля: сялянка жыве й застаецца на полі. Здалёк супроць вёскі, на горцы пясчанай схілілі бярозы галіны з пашанай. Туды на сон вечны сышліся сяляне, пад крыжам бяспечна ляжаць на кургане. Каменныя пліты касцей ім не гнуць, іх памяць і славу нашчадкі нясуць. Шчабечуць там птушкі, пяюць салаўі, там ляжа бабуля, як серад сям’і. Вясною ў сяле нават будзе чуваць, як будзе зязюля па ёй кукаваць. Ды з дрэвамі разам па ёй на зары заплачуць, затужаць сумныя вятры… * Сутонне. Ўжо мала што ў куфры відаць, схілілася голаў бяссільна. Не хочацца куфра таго закрываць, ўспаміны яго абступілі. Зрабілася цёмна і пуста наўкруг, прабіліся слёзы на вейкі, і цяжка апала са змораных рук акована куфрава века.

1965

На чабары настоена (1982)

Жаўрук
О кліч вясны непераможны! Рунее поле, водаў бег. Пыл на нагах маіх дарожны, на скронях белым-белы снег. У полі жаўранак вітае вясну, узняўся, каб пяяць. І я — жаўрук. I я такая. I мне без песень не стрываць. Звінець душой, пяяць і верыць у цвет лугоў, у гон ракі. Любіць зямлю сваю бязмерна, як толькі ўмеюць жаўрукі.
Дрэмле вечар у ціхай дуброве
Дрэмле вечар у ціхай дуброве, летняй стомаю ные зямля. Заспявай мне на матчынай мове незабыўную песню з сяла. Пра сярпочак, дзявочыя рукі, васільковы на скронях вянок. Хай над пожняй калышуцца гукі, надрываецца рэха здалёк. Месяц выплыў на хмарку сярпочкам. Мала стомы ў руках маладых. Млее ноч ад тых песняў дзявочых. Бог Ярыла ля ніваў прыціх.
Дыван
Пад старасць дзён, калі так ломіць змора ўсяго жыцця, што засталося ў снах, прыгадваю дзівосныя узоры у ромбікі на матчыных краснах. Узор пяе па лоне пражы белай, шнурок з квадратаў роўненька бяжыць. Як вылічыць, як аснаваць сумела дыван свой, каб аж так заваражыць? Так далікатна, анідзе памылкі, на бель асновы колерам лягло, так ад калыскі да самой магілкі жыццё людское выткана было: квадраты дзён, запоўненыя працай, між імі — сонца залаты прасвет. Так роўненька, так нельга памыляцца, каб спраўным быў дыван жыцця як след.
Поделиться:
Популярные книги

Para bellum

Ланцов Михаил Алексеевич
4. Фрунзе
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.60
рейтинг книги
Para bellum

Последний рейд

Сай Ярослав
5. Медорфенов
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Последний рейд

Идеальный мир для Лекаря 9

Сапфир Олег
9. Лекарь
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическое фэнтези
6.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 9

Муж на сдачу

Зика Натаэль
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Муж на сдачу

Последняя Арена 7

Греков Сергей
7. Последняя Арена
Фантастика:
рпг
постапокалипсис
5.00
рейтинг книги
Последняя Арена 7

Мастер 7

Чащин Валерий
7. Мастер
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
попаданцы
технофэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Мастер 7

Иван Московский. Первые шаги

Ланцов Михаил Алексеевич
1. Иван Московский
Фантастика:
героическая фантастика
альтернативная история
5.67
рейтинг книги
Иван Московский. Первые шаги

Случайная жена для лорда Дракона

Волконская Оксана
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Случайная жена для лорда Дракона

Идеальный мир для Социопата 2

Сапфир Олег
2. Социопат
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
6.11
рейтинг книги
Идеальный мир для Социопата 2

Войны Наследников

Тарс Элиан
9. Десять Принцев Российской Империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Войны Наследников

Попаданка для Дракона, или Жена любой ценой

Герр Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.17
рейтинг книги
Попаданка для Дракона, или Жена любой ценой

Серые сутки

Сай Ярослав
4. Медорфенов
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Серые сутки

Баоларг

Кораблев Родион
12. Другая сторона
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Баоларг

Кодекс Крови. Книга III

Борзых М.
3. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга III