Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:
Дубы
Зеляняць беларускія нашы дубы, уцалелыя з тысячы ранаў. Запыняюць аблокі густыя чубы, іх равеснікі спяць на курганах. Як яны, я умела у буру стаяць, як яны, галавы не сагнула, і ніколі, ніколі сякера мая іхных стройных камлёў не кранула. Адыходзіць пара мне, ім трэба стаяць, сілу мець у ствалах беззаганных і ліствою шумець ды з вятрамі пяяць аб тых продках, што спяць на курганах.
* * *
Беларусы ідуць, хлеб свой жытні нясуць, на ручнік палажыўшы ўрачыста. Хлеб — як сонца ў руках, бохан хлебам прапах, а ручнік, як іх сэрца — прачысты. Хлеб і соль праз вякі, ўсклаўшы на ручнікі, добрым людзям насустрач выносім. Ўнукі сейбітаў мы, хлебаробаў сыны, з працы мы, з чалавечых адносін. Яшчэ большы ёсць скарб — стары песенны Край, наша мова, што сэрца кранае, гэты голас зямлі мы ад продкаў ўзялі i нашчадкам яго захаваем. Хлеб і соль, хлеб і соль праз цярпенні і боль нёс народ наш рукамі ад плуга. Тым,
хто мову кране, нашу душу прыгне,
мы адплацім паводле заслугаў.
Плуг ў музеі спачыў, сёння іншы пачын Беларуса па свеце праславіў. Жыць умеем, тварыць, ўмеем Край бараніць, а сяброў стрэнем хлебам ласкава.
* * *
Йду слядамі дзядоў, ў сіні Край закаханая, сніцца веліч Пагоні, гатовай на бой, і здрадлівыя петлі, лавушкі, капканы, як на дзікага звера, кругом прада мной. Абмінаю віры і дарог небяспеку, ўсе задумы варожыя, попел і дым. Адчуваю ў бяздоллі святую апеку, а мо гэта апека над Краем маім? На здзічэлы дзірван з сэрца падаюць словы: быць нам трэба сабою, людзьмі, землякі. Шмат хто звучаны — каменем кінуць гатовы, але камень чамусьці выпадае з рукі.
Леў
З калматай грывы космамі густымі, напружаны, ў вачах схаваўшы гнеў, хадзіў па клетцы горды сын пустыні — зыманы леў. Сто кратаў лёгка крок яго спынялі, нязломнасць сталі ён даўно спазнаў, і лапа падымалася і ападала цяжкою сілай на жалезны сплаў. У снах свабоду бачыў і яскіню, драпежнай львіцы смерцяносны скок, прастор вачам, прыліў магутнай сілы, распалены пад лапамі пясок. І роў пранік глухое наваколле — ўспамін далёкіх, афрыканскіх гор, і скрып зубоў у ворага на горле, і прагу волі нёс ён у прастор. Свіст бізуна рассёк агнём ўспаміны, боль завастрыў ў нявольным сэрцы злосць: супроць яго ў кароткіх перапынах йшоў пан яго — ў руках бізун і косць. Крыклівай грозьбай, ласкавым абманам і таннай косткаю спыніў ён люты гнеў і волі крык, і сціх дрэсіраваны, забыўшы сілу продкаў сваіх, леў. Мучыцеля жывога ён пакінуў, на костцы зубы прагныя зацяў, а ў гэтыя часы ў яго пустыні гіены не сціхалі ад выцця... Такі закон і бег жыцця нязменны — калі змаўкаюць, адышоўшы, львы, з пячор выходзяць прагныя гіены і вокал падлам цешацца яны.
Янычары
З гікатам, віскам па смерць і па кроў, са скрыўленым лютасцю тварам ляцяць на паселішчы родных бацькоў ліхія сыны-янычары. Літасць для іх — то няведамы госць, памрэ і малы, і нядужы, у думках адно ў іх — служальчасць і злосць: прароку і месяцу служаць. Сямейныя юрты і мір не для іх, ў набегах пад грукаты бубнаў на попеле сёлаў, на конях дзікіх — іх святы й крывавыя будні. Ім памятаць нельга пра рожавы твар і белыя матчыны грудзі, якія ўскармілі дзіця сваіх мар пад песню, якой не забудзеш. Ды ўсё ж не забыць да сканання жыцця, як з рук нежывой маладзіцы ад раны ў грудзёх адрывалі дзіця, змушалі прароку скарыцца. І слоў не забыць, што плылі з малаком і гушкалі песняй салодкай, і матчыных вуснаў над хворым чалом, і рук яе ў белі палотнаў. Вось зноў тыя нівы, сады і плятні, ля хатаў з бусламі сяброўства, і зарыва ноччу, і сёлы ў агні — татараў нялюдская помста. Туманяцца вочы і вусны дрыжаць, і жаль, і ўстыдно янычару бялявых жанчын у ясыр заганяць і край гэты нішчыць пажарам. Назад бы адважна каня павярнуць і шабляй крывою з наскоку заместа братоў — лепей сэрцы пратнуць ўсіх слугаў страшнога прарока. Як бліскаўка — розум. Зноў гікат кругом — не думаць, а слухаць загадаў вучылі нагайкі іх ноччу і днём, ўжо іншай не ведаюць рады. Не жаль ім скрываўленых братніх галоў, ні земляў, што топчуць чужыя, Над кволаю музыкай матчыных слоў арда пераможная вые. І людскасць, і роздум ужо не для іх, яны — як чума, як зараза, і колюць, і тнуць — дабіваюць слабых, ўвесь род, ўсю радзіну адразу. Прарваліся ліўні, пасыпаўся град — зямля застагнала не дарам над смерцю дружынаў, над попелам хат, над доляй сыноў-янычараў...
З мінулага
Сілаю ў сеці злоўлена. Краты ўсё і ланцугі. Сэрца маё перапоўнена горам праз берагі. Крыўда ўзвіваецца полымем, здаецца, з прадоння пяшчэр. З пекла ўпала на голаў мне ўся гэта СССР. Ў змаганні, ў цярпенні, за кратамі — адна, заўсёды адна, у праўдзе сваёй заўзятая, рукі ламлю давідна. Скаргі, аднак, не вымаўлю, болю не знаю, бадай. Выцерплю, ў Бога вымалю волю табе, родны Край.

1964

* * *

Уладзіміру Караткевічу

У жыцці ў цябе ўдараў нямала, іх не меней, як матчыных слёз. Не хавай сваіх ран пад забралам — я іх бачу душою наскрозь. Толькі ведаю: ў хмарнае сёння ці ў няведамы заўтрашні час не разжалішся ты, не застогнеш, не адкінеш з далоняў мяча. Добра так! Лістападавым танцам стаў вятрыска бярозы круціць. Не прыстала патомку паўстанцаў збітай сцежкай ісці па жыцці. Ты суровым Дняпром ўзгадаваны, ты напоены хваляй з глыбінь. Помач Маці-Радзіме і сёння — найвярнейшы, найздатнейшы сын!

1967

Баразна
Дуб
зваліўся, упала сасонка,
кроў-жывіца сцякае з кары. Баразна, Баразна-баразёнка, прыгаралі цябе без пары. Колькі скарбаў напрадзеных, тканых на дне куфраў сялянскіх ляжыць — ты ва ўсё гэта быў закаханы... Як жа, хлопча, цябе ажывіць? Як жа сумна і як жа дрымотна: ні зары, ні святла, ні відна. Хто ж раскажа Краіне гаротнай, каго страціла ўчора яна... Яшчэ вусны ўсяго не сказалі, яшчэ рукі ўсяго не знайшлі, як жа рана цябе адабралі у зняволенай нашай зямлі! Не на золата ўжо, не на грошы на адвечнай зямлі крывічоў, тут палююць бязлітасна Прокшы на выдатных Краіны сыноў. Не вайна — а магілы, магілы, не злічыць светлых, сцятых галоў, што ж, патрэбны народ ім бяскрылы, і таму выбіваюць арлоў. Не заб’юць ўсіх, мы з болю і ранаў, з лютай помстай за мукі нягод у нас волаты новыя ўстануць і прыбіты падымуць народ! Як быльнёг, яны злыдняў пакосяць пад народны караючы гнеў, няхай літасці, ласкі не просіць, хто над намі спагады не меў! Дуб зваліўся, упала сасонка, што любоўна народ гадаваў. Прыгаралі навек Баразёнку — ведаў вораг, каго забіваў... У народнага гора прадонні, дзе насілле, махлярства і страх, Баразна наша згасла, як промень, што народу асвечвала шлях. Баразна, Баразна, Баразёнка, жаль, дажыць не далі да відна. У народа, у роднай старонкі залатая была Баразна... Пяе вецер працяжна і грозна, ліжа раны пакутнай Зямлі, лічыць колькасць крывавых барознаў, што пралеглі па ёй без вайны. Зноў пакутны паўсюль лад прыгонны, анямела старонка уся. Толькі вецер — змагар неўгамонны — будзіць сёлам штоноч Кастуся!

1972

* * *
Страх — за праўду кінуцца ў бой, страх — не дагадзіць акупантам, быць удома самім сабой, чалавекам быць — страх пракляты! Суд — за думкі вольны размах, воля — толькі прадажнаму слову. Беларусам быць — тройчы страх, страх — валодаць роднаю мовай. Страх — ў чужыне сваіх братоў, перад здзекам страх не скарыцца. Страх — маліцца на мове бацькоў, дзікі страх — наагул маліцца! Страх — што ўвечары Каляда, і за сына, што пойдзе ў школу, страх — што бліжняга не прадаў, страх — што чэсны, што не жывёла. Брыгадзіра страх на сяле, страх падлізаў змяіных усюды, страх — хадзіць па сваёй зямле, дзе начальнікамі Іуды. Страх — гуманнасці, дабраты, перад рускім страх, перад ляхам, — мы ж не горшыя, што ж, браты, можа, хопіць гэтага страху?
Партызаны
Продак мой, спыняючы нашэсце, кідаўся на ворага з мячом, толькі б не цярпелі сем’і, дзеці, за плячыма заставаўся дом. I стаялі насмерць, ўсенародна, супраць недругаў суровых і ліхіх, і не пакідалі безбаронных, ворагаў наклікаўшы на іх. Ваявалі рымляне і грэкі, шмат было на свеце розных спраў, ўсё ж дзяцей, малых дзяцей на здзекі ворагу ніхто не выстаўляў! Пішуць сёння повесці, раманы, ўсё ж няма ні слова там нідзе, каб грудзьмі стаялі партызаны за расстрэляных, за паленых людзей. Партызаны ж, тыя партызаны, што ім сёлы, енк і боль людскі? Толькі б мосцік недзе быў ўзарваны ды ляцелі з рэйкаў цягнікі. Што для іх адкрытыя магілы, дзе за рэйкі — кідалі дзяцей. Не, дзяцей яны не баранілі, солтыса забіць куды прасцей. Солтыса, які акручваў немца, каб ад згубы ратаваць сяло, бо куды ж было народу дзецца, помачы чакаць адкуль было? Нашы пушчы — роднае багацце, непралазнасць зарасляў, балот: партызанам ёсць куды хавацца, а куды ж схаваецца народ? А куды схаваюцца мільёны ў кінутай нашэсцю старане, дзеці ў гэтых сёлах безбаронных, калі ўсе мужчыны на вайне? Йшлі байцы і, хрышчаныя боем, ворага спынялі, як маглі. Партызаны ж смерць няслі з сабою збітай і апаленай зямлі! То не подзвіг баявы і смелы,— толькі смех крывавы і пусты, наклікаць на сёлы смерць умелі, а самыя — шпарылі ў кусты! Выстаўлялі немаўлят пад стрэлы, а слабых жанчын — пад кулямёт. Ім за рэйкі дык душа балела, не балела толькі за народ! Жаль народны наш не знае меры, не злічыць апаленых касцей. Партызаны горшыя, як зверы — звер так ворагу не кідае дзяцей, а пакуль ёсць кіпцюры і зубы, засланяе ён малых сабой, не бяжыць ў сасоннік ад загубы, а ў няроўны кідаецца бой! Нават птушка кволая і тая люта скача злыдням да вачэй, ў горы птушанят не пакідае, лепей згіне за сваіх дзяцей. Ну а вы, «героі»-партызаны, колькіх нас вы кінулі на смерць, аддалі бязлітасна і танна на варожых вогнішчах гарэць? Хваліцеся, колькіх вы забілі? Ну а колькі згінула дарма? А каго вы з нас абаранілі? Гэткіх на уліку ў вас няма! У людзей ёсць нейкае сумленне, быў і ёсць закон адвечны, боскі. Рэйкі — ды гары яны агменем, каб за іх палілі нашы вёскі! Дзе былі вы, як народ гурбою клалі у магілы, як пласты, вы ж адныя толькі мелі зброю і са зброяй шпарылі ў кусты! То праз вас мы гінулі дарма ў полымі нямецкім і на фронце. Ля Масквы сёл спаленых няма, — каб з людзьмі, з дзяцьмі без абаронцаў! Йшлі інструкцыі ў адным напрамку, палымнела Беларусь адна. А чаму ж не падымалі партызанкі на Каўказе ці каля Арла? Калі глянеш — кроў у жылах стыне. Сэрца нам за Арадур баліць, хто ж палічыць нашы ўсе Хатыні?! Сотнямі Хатыняў не злічыць! Аднаго забілі часам гада i, забіўшы, зайцамі ўцяклі. А за гада сотні леглі радам безбаронных жыхароў зямлі. І няўцям да сёння той Мазанік, як лілася ў Менску наша кроў — не, не партызан, не партызанак, а ў мучэннях выжыўшых сыноў. Калі судзіш ворага на згубу, першым чынам засланяй сваіх. Эх, Мазанік, за аднога Кубэ — колькі нашых браццяў нежывых! Ці яны ўначы табе не сняцца, тысячаў замучаных не жаль? Што табе, Мазанік, нашы брацця, для цябе ж галоўнае — медаль… Край мой любы, жытні і курганны, на няласцы нелюдзяў чужых, і калі я чую: партызаны, жудасна мне робіцца ад іх.
Поделиться:
Популярные книги

Последний Паладин. Том 4

Саваровский Роман
4. Путь Паладина
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Последний Паладин. Том 4

Всадники бедствия

Мантикор Артемис
8. Покоривший СТЕНУ
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Всадники бедствия

Корсар

Русич Антон
Вселенная EVE Online
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
6.29
рейтинг книги
Корсар

Империя ускоряется

Тамбовский Сергей
4. Империя у края
Фантастика:
альтернативная история
6.20
рейтинг книги
Империя ускоряется

Чужбина

Седой Василий
2. Дворянская кровь
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Чужбина

Аномальный наследник. Том 1 и Том 2

Тарс Элиан
1. Аномальный наследник
Фантастика:
боевая фантастика
альтернативная история
8.50
рейтинг книги
Аномальный наследник. Том 1 и Том 2

Имя нам Легион. Том 8

Дорничев Дмитрий
8. Меж двух миров
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Имя нам Легион. Том 8

Новый Рал 2

Северный Лис
2. Рал!
Фантастика:
фэнтези
7.62
рейтинг книги
Новый Рал 2

Ведьма и Вожак

Суббота Светлана
Фантастика:
фэнтези
7.88
рейтинг книги
Ведьма и Вожак

Лорд Системы 8

Токсик Саша
8. Лорд Системы
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Лорд Системы 8

Курсант: назад в СССР 9

Дамиров Рафаэль
9. Курсант
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Курсант: назад в СССР 9

Идеальный мир для Лекаря 21

Сапфир Олег
21. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 21

Возвращение Безумного Бога 2

Тесленок Кирилл Геннадьевич
2. Возвращение Безумного Бога
Фантастика:
попаданцы
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвращение Безумного Бога 2

Бастард Императора. Том 3

Орлов Андрей Юрьевич
3. Бастард Императора
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Бастард Императора. Том 3