Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
У аснове фразеалагізма — нерэальны, гіпербалізаваны вобраз.
Разрываць на кавалкі каго. Гл. рваць (разрываць) на кавалкі каго.
Ранняя птушка. Агульны для ўсходнесл. (руск. ранняя пташка, укр. рання пташка) іпольск. (ranny ptaszek) м. Дбайны чалавек, які рана ўстае, раней за іншых прыходзіць куды-н. — От жа ранняя птушка… — паківала галавою
Выток фразеалагізма — прыказка Ранняя птушка зубкі цярэбіць, a позняя вочкі працірае, ад якой адарваўся трапны вобраз.
Раса вочы выядае каму. Уласна бел. Хто-н. нешчаслівы, жыве ў горы, нядолі. У вершах Каратынскага і не было нічога падданніцкага — толькі скарга на неўрадлівы пясочак, цёмную святліцу, на тое, што pacа выядае вочы (А. Мальдзіс. Восень пасярод вясны).
Паходзіць з прыказкі Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць.
Раскрыць (адкрыць) карты. Паўкалька з ням. м. (Karten aufdecken). Дзейнічаць адкрыта, не хаваючы сваіх намераў. [Каліноўскі:] Казаць, Марыська? [Марыська: ] Так, Каліноўскі, Раскрыем карты. Мы гэты тост, які не жартаў варты, адтэрміноўваем на два гады (А. Куляшоў. Хамуціус).
Выраз паходзіць з мовы карцёжнікаў: пры пэўнай сітуацыі адзін з ігракоў раскрываў свае карты і працягваў гульню, не тоячыся ад праціўнікаў.
Распраўляць (расправіць) крылы. Агульны для ўсходнесл. і польск. (rozwina'c skrzydla) м. Пачынаць дзейнічаць на поўную сілу сваіх здольнасцей, магчымасцей. Усе верылі, што сяржант выжыве і расправіць крылы, па бабулінаму наказу, і яшчэ паваюе з ворагам… (К.Кірэенка. 3 аповесці вайны).
Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў дачыненні да птушак. Перад палётам птушка распраўляе крылы.
Растапіць лёд <чаго, паміж кім>. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. растопить лед, укр. розтопити лід). Ліквідаваць нацягнутасць у адносінах паміж кім-н. — Вы служылі ў дзвесце дваццаць дзевятым артылерыйскім? — пытанне такога ладу, калі я не памыліўся ў чалавеку, павінна было растапіць лёд адчужэння. Па нумары часці ветэран пазнае ветэрана (Б. Стральцоў. Падземныя пераходы).
Узнік, відаць, шляхам мадэліравання — на ўзор семантычна тоеснага фразеалагізма разбіць лёд (гл.).
Расхлёбваць кашу. Агульны для бел. і руск. м. Разблытваць складаную, непрыемную справу, выкручвацца з чаго-н. Твае справы, брат, дрэнныя… Аднаму табе давядзецца расхлёбваць кашу за ўсіх (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім).
Паходзіць з прыказкі Сам заварыў кашу; сам і расхлёбвай, сэнс якой ‘сам распачаў штосьці складанае, клопатнае, непрыемнае, сам і разблытвай, выкручвайся’.
Рвацца на часткі. Гл. разрывацца (рвацца, разарвацца) на часткі (на кавалкі).
Рваць
Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз пэўны жэст — знешні выразнік гэтага стану.
Рваць (разрываць) на кавалкі каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. рвать на части, укр. рвати на шматки). Бесперапынна турбаваць просьбамі, даручэннямі і пад. 3 усіх бакоў яго [Крушынскага] рвуць на кавалкі. — Таварыш Крушынскі! — Дзядзька Язэп! — Суседзе! (З. Бядуля. Язэп Крушынскі).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, заснаваны на гіпербале.
Рожкі ды ножкі. Запазыч. з руск. м. Сваё значэнне ‘нічога ці амаль нічога’ фразеалагізм рэалізуе пры дзеясловах пакідаць, заставацца: Хай як хоча, так і выкручваецца Эдзік. Усё роўна рожкі ды ножкі астануцца ад сцэнарыя… (П.Місько. Ціхае лета).
Узнік у выніку метафарызацыі спалучэння слоў з песні невядомага аўтара «Жыў-быў y бабулі шэранькі козлік» (каля 1850 г.). Павяла бабуля козліка ў лес пагуляць, напалі на яго ваўкі і з’елі. «Пакінулі бабулі рожкі ды ножкі, вось як, вось як, рожкі ды ножкі».
Розная рознасць. Паўкалька з руск. м. (разная разность). Самыя разнастайныя рэчы, прадметы. Апісаць не хопіць слоў, што за Сару той Абрам рознай рознасці набраў (К. Крапіва. Біблія).
Відаць, склаўся пад уплывам і на ўзор фразеалагізма ўсякая ўсячына (гл.).
Рубікон перайсці. Паўкалька з лац. м. (Rubiconem transeo). Зрабіць сур’ёзны крок, рашучы ўчынак, які вызначае далейшыя падзеі. Вельмі вялікая трансфармацыя адбылася ў ягонай душы… Ён перайшоў рубікон (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі).
Выраз — пераасэнсаванае словазлучэнне. Рубікон, рака ў паўночнай Італіі, была да 49 г. да н. э. граніцай паміж Рымам (Італіяй) і яго паўночнай правінцыяй Галіяй. Кіраваў гэтай правінцыяй Юлій Цэзар. Ён ноччу перайшоў са сваімі легіёнамі Рубікон, што прывяло да грамадзянскай вайны, якая закончылася перамогай над арміямі сената і ўстанаўленнем у Рыме імперыі на чале з Цэзарам — фактычным пажыццёвым дыктатарам.
Рубікон пяройдзены. Агульны для ўсходнесл. м. Адказны, рашучы крок зроблены, прынята беспаваротнае рашэнне. — Гэта больш надзейна, — сказаў Зімін, — а то яшчэ перадумаеш [звальняцца]. I так, рубікон пяройдзены, назад ходу няма (В. Хомчанка. Стрэл у акно).