Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Шуры-муры. Запазыч. з руск. м. Любоўныя справы, прыгоды. Надакучыла седзячы ў канцылярыі. Можна для разнастайнасці наганяй даць каму-небудзь, можна з машыністкай шуры-муры завесці… (К. Крапіва. Вайна).
Склаўся ў выніку некаторага скажэння французсхага свабоднага словазлучэння cher amour (чытаецца як «шэр амур»), дзе cher — дарагі, мілы’, a amour — ‘любоў, каханне’ і ‘страсць, жарсць’. У руск. і ўкр. слоўніках выраз звычайна падаюць не як назоўнікавы, a як частку дзеяслоўнага — руск. разводить шуры-муры, укр. розводити шури-мури, са значэннем ‘займацца любоўнымі
Шчодрай рукой. Калька з лац. м. (larga manu). Не шкадуючы. К. Чорны шчодрай рукой, не важачы, рассыпаў y творах сінтаксічныя пабудовы і лексіку Случчыны (М. Лужанін. Магчымасці мовы).
Выраз усведамляецца як матываваны.
Шыварат-навыварат. Запазыч. з руск. м. Не так, як трэба, як павінна быць (ісці, пайсці, выходзіць і пад.). Рыгор быў уладзіў y атрад,і, здавалася, больш нічога не патрэбна… Але вазьмі ды змяніся начальнік, і ўсё шыварат-навыварат… Перагляд рабочых, і я са старшага рабочага зноў на дарозе, але ўжо без каня (Ц. Гартны. Сокі цаліны).
Першы кампанент фразеалагізма — уласна рускае слова, якое цяпер не ўсведамляецца як складанае, утворанае аб’яднаннем асноў двух слоў: шивъ (зніклае слова са значэннем ‘шыя’) + воротъ (‘каўнер’) = шивоворотъ. У далейшым з шываварат атрымалася шыварат як вынік гаплалогіі (з дзух адколькавых суседніх складоў адзін знікае). Пры Іване Грозным з’явіўся на свет выраз шыварат-навыварат, праўда, яшчэ не метафарызаваны, з канкрэтным зместам. Слова шыварат тады абазначала ‘каўнер, вышыты золатам, серабром і жэмчугам’. Такія «шывараты» насілі знатныя, паважныя асобы. Калі які баярын правінавачваўся, то цар, не зважаючы на яго прыгожы каўнер, загадваў надзець на баярына верхняе ўбранне навыварат ды яшчэ пасадзіць на каня тварам да хваста. Такое ганебнае пакаранне называлася «шыворот на выворот» (яшчэ на пачатку XX стагоддзя пісалася як тры словы).
Шыта (сшыта) белымі ніткамі. Калька з франц. м. (cousu de fil blans). Ужыв. y ролі выказніка і азначэння, a таму развіў два суадносныя значэнні: 1) няўмела схавана, скрыта што-н., 2) няўмела, няўдала схаваны, скрыты. Відаць, следчы зразумеў, што ў гэтай справе ўсё шыта белымі ніткамі, і пастараўся хутчэй збыць Сяргея з рук (М. Машара. Сонца за кратамі). Часам Зоська пачынала яго ненавідзець за яўны, шыты белымі ніткамі, разлік (В. Быкаў. Пайсці і не вярнуцца).
Паходзіць, відаць, з маўлення краўцоў, якія адзенне для першай прымеркі толькі збольшага прыхопліваюць звычайна белымі ніткамі. Параўн. прыклад y М. В. Гогаля, які агаляе ўнутраную форму фразеалагізма адпаведным параўнаннем: «Ні ў якім разе не варта было выдаваць твор, які хоць выкраены быў не кепска, але сшыты сяктак, белымі ніткамі, як адзенне, што прыносіць кравец толькі на прымерку».
Э
Эзопаўская (эзопава)
Узнікненне выразу звязана з літаратурнай дзейнасцю старажытнагрэчаскага байкапісца Эзопа (VI ст. да н. э.). Будучы рабом, Эзоп не мог свабодна і адкрыта гаварыць пра многае, бо гэта было небяспечна, таму ён выказваў свае думкі ў алегарычнай, баечнай форме, y вобразах жывёл.
Ю
Юдаў пацалунак. Гл. іудаў (юдаў) пацалунак.
Я
Яблык разладу. Калька з лац. м. (malum discordiae). Прычына сваркі, спрэчак. 3 яблыка разладу гервяцкі «астравок» ператварыўся, як пісаў у вершы адзін з мясцовых паэтаў, y «бастыён дружбы» (А. Мальдзіс. Астравеччына, край дарагі…).
Выраз упершыню выкарыстаў рымскі гісторык Юсцін (II ст.). Яно склалася на аснове грэч. міфа пра багіню разладу Эрыду. Пакрыўджаная за тое, што яе не запрасілі на вяселле фесалійскага цара Пелея і багіні Фетыды, Эрыда падкінула гасцям залаты яблык з надпісам: «Найпрыгажэйшай». Паміж багінямі Герай, Афінай і Афрадытай пачалася спрэчка: кожная лічыла сябе найпрыгажэйшай. Траянскі царэвіч Парыс, якому даверылі вырашыць сварку, аддаў яблык Афрадыце. Удзячная, яна дапамагла Парысу ўкрасці Алену — жонку спартанскага цара Менелая. A гэта стала прычынай дзесяцігадовай Траянскай вайны.
Яблыку няма (не было) дзе ўпасці. Паўкалька з руск. м. (яблоку негде упасть). Ужыв. са значэннямі ‘у вялікай колькасці (пра мноства людзей у якім-н. месцы)’ і ‘вельмі цесна, няма свабоднага месца’. У зале людзей — яблыку няма дзе ўпасці. Усе паднядзеліліся, пры гальштуках (Полымя. 1978. № 1). У аўтобусе, які ідзе ў Асавец з Мінска, яблыку няма дзе ўпасці (І.Навуменка. Развітанне ў Кавальцах).
У руск. м. фразеалагізм прыйшоў, напэўна, з ням. м. як недакладная калька (es konnte kein Apfel zur Erde fallen, літаральна «нельга яблыку на зямлю ўпасці»).
Язык адняўся ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. раптам змоўк, страціў здольнасць гаварыць (ад страху, здзіўлення і пад.). Тут y Міколы і язык адняўся. Ён баяўся зірнуць у акно, бо быў упэўнены, што ў акне ўжо тырчыць страшная галава (Я. Колас. Трывога).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, які мог узнікнуць пад уплывам свабодных словазлучэнняў тыпу рука аднялася, нага аднялася, дзе аднялася абазначае ‘перастала дзейнічаць у выніку паралічу’.
Язык без касці (касцей) у каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. вельмі балбатлівы, гаворыць лішняе. У Юлі язык без касцей, вось яна і плявузгае абы-што, псуе нервы і сабе, і яму, Цімоху… (І.Капыловіч. Абходчык).
Відаць, паходзіць з прыказкі Язык без касці: што хочаш пляшчы, з якой, y выніку скарачэння другой часткі, узнік фразеалагізм. Параўн. іншыя варыянты прыказкі: Язык без косці, што хоча, то хлосціць; Язык — мяса без касцей, куды хочаш павернеш.