Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Чортава процьма. Уласна бел. Вельмі многа, вялікае мноства. За ўвесь час… было., нагаворана ўсяго-ўсякага чортава процьма (Ц. Гартны. Сокі цаліны).
Назоўнікавы кампанент фразеалагізма — прыставачнае ўтварэнне ад старажытнага лічэбніка цьма, што абазначаў ‘дзесяць тысяч’ (гл. цьма цьмушчая). Прыметнік чортава ў складзе словазлучэння толькі знешне, па наяўнасці суфікса — ав-, паказвае на прыналежнасць,
Чорта лысага. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннем ‘зусім не, гэтаму не бываць’ як выказванне катэгарычнай нязгоды, адмаўлення, пярэчання і ‘ні пры якіх абставінах не (возьмеш, выседзіш і пад.)’. Не, калі ён [Сяргей] ужо выберацца з гэтай завірухі, Тоську нікому не аддасць. Чорта лысага! (М. Кацюшэнка. Адзін рэйс). Чорта лысага ты тут да вечара пратрымаешся. Паб’юць, як мышэй (В. Быкаў. Жураўліны крык).
Утварыўся на аснове выразу чорт лысы (гл.), магчыма, пад уплывам фразеалагізма чорта з два, засвоіўшы абодва яго значэнні.
Чортаў тузін. Паўкалька з руск. м. (чертова дюжина). Тузін — гэта ‘дванаццаць’, a чортаў тузін — ‘трынаццаць’. [Андрэй: ] Раз сэрца занята табой, туды не пранікнуць другой. [Жэня: ] Ды ну! У вашых сэрцах і чортаў тузін нашага брата змясціцца можа (І.Козел. Над хвалямі Серабранкі).
Лічба «трынаццаць», паводле забабонных уяўленняў многіх народаў,— нешчаслівая. Магчыма, гэта ідзе з Евангелля, дзе гаворыцца, як Ісус на вячэры са сваімі дванаццаццю вучнямі сказаў, што адзін з іх здрадзіць яму, выдасць яго. Падобнае знаходзім і ў заходнееўрапейскіх міфах пра трынаццаць фей, адна з якіх ліхая. A ўсё ліхое, як павучае рэлігія, не ад Бога, a ад чорта. Таму «трынаццаць» — чортаў тузін.
Чорт дзяцей калыша каму. Уласна бел. Каму-н. вельмі шанцуе. Корзун лічыў,што ён не з тых, каму чорт дзяцей калыша (У. Шыцік. Па жураўля ў небе).
Паходзіць з прыказкі Багатаму чорт дзяцей калыша <а беднаму з калыскі выкідае>.
Чорт лысы. Агульны для ўсходнесл. м. Невядома хто. — Ну, ці ж ёсць у цябе розум! Навошта ж было сеч? Каму з гэтага карысць? — Чорту лысаму! — сказаў Андрэй. — Толькі ж чорту… (Я. Колас. Малады дубок).
Сэнсаўтваральную ролю ў гэтым выразе выконвае назоўнікавы кампанент, a прыметнік лысы выступае з узмацняльнай, экспрэсіўнай функцыяй. Такое спалучэнне двух слоў мае сувязь з уяўленнямі пра чорта, якога, пачынаючы са старажытных часоў, малявалі звычайна як істоту, падобную на чалавека, з выцягнутай галавой, лысую, голую, з куртатым хвастом і гусінымі пяткамі.
Чуваць (чутно) як муха пралятае (праляціць). Недакладная
Заснаваны на ўяўнай, патэнцыяльна магчымай сітуацыі.
Чужымі рукамі. Гл. чужымі рукамі жар заграбаць.
Чужымі рукамі жар заграбаць. Агульны для ўсходнесл. м. Карыстацца з карыслівай мэтай вынікамі працы іншых. У сельсавеце былі непарадкі: старшыня — не свой чалавек — любіць чужымі рукамі жар заграбаць (В. Каваль. Ліпы).
Паходзіць з прыказкі Чужымі рукамі добра жар заграбаць (у такой форме яе падае М. Федароўскі; параўн. таксама ў І.Насовіча: Чужымі рукамі толькі жар заграбаць добра). Прыказка вызвалілася ад слова добра, якое тут мае літаральнае значэнне і не ўдзельнічае ў стварэнні яе алегарычнага, пераноснага сэнсу.
У нашай мове, a таксама ў руск., укр. і польск. (cudzymi rekami) м. ёсць яшчэ фразеалагізм чужымі рукамі са значэннем ‘несамастойна, намаганнямі іншых’: «Ён бы з вялікім задавальненнем асвятліў бы гэтым святлом сваю нару. Але каб усё гэта было зроблена чужымі рукамі, так, як калісьці рабіў на Скуратовіча» (К. Чорны). Крыніца фразеалагізма — тая самая прыказка Чужымі рукамі добра жар заграбаць. Выраз — яе «абломак».
Чуць золак. Гл. чуць свет.
Чуць свет. Агульны для ўсходнесл. м. (укр. чуть світ). Вельмі рана, на світанні. Каця вельмі перажывала. Цэлы месяц не вылазіла з фермы; пойдзе чуць свет і вяртаецца позна вечарам (А. Кудравец. У нас вяселле).
Паходзіць са словазлучэння чуць свет настаў, апошні кампанент якога адпаў. 3 аналагічным значэннем ужыв. фразеалагізм чым свет, які ўзнік з раней, чым свет настаў: «А як вы ўбачылі б такога, — злавіць, звязаць — і к нам чым свет» (Я. Купала). Відаць, на аснове чуць свет склаўся ўласна бел. выраз чуць золак. Ён сустракаецца ў паэме «Тарас на Парнасе» («Чуць золак — стрэльбу ён за плечы»), y «Пінскай шляхце» В. Дуніна-Марцінкевіча, y творах М. Чарота, М. Грамыкі, П. Глебкі, некаторых іншых аўтараў.
Чым свет. Гл. чуць свет.
Чым чорт не жартуе! Агульны для ўсходнесл. м. (руск. чем черт не шутит!,укр. з чим чорт не жартуе!). Ужыв. са значэннем ‘усё можа здарыцца, усякае бывае’ як выказванне дапушчальнасці ці магчымасці чаго-н. непрадбачанага, нечаканага. [Надзя: ] A наконт студэнта ты так і паверыў? [Валодзя: ] У жыцці ўсяк здараецца. Чым чорт не жартуе, думаю сабе (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба).