Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Выбіваць (выбіць) клін клінам. Агульны для ўсходнесл. м. Супрацьдзейнічаць тым жа спосабам, якім выкліканы пэўны стан ці дзеянне. Не знаходзячы месца ад рэўнасці, падазрэнняў, ён [Андрэй] не мог зрабіць, як робяць у такіх еыпадках некаторыя мужчыны: завесці на старане каханку, выбіваць, як гавораць, клін клінам (І. Навуменка. Старавіленскі тракт).
Узнік з прыказкі Клін клінам выбіваюць: на аснове канструкцыі, структурна арганізаванай як абагульнена-асабовы сказ, утварылася дзеяслоўнае словазлучэнне параўнальна шырокага дыяпазону спалучальнасці (выбіваю, выбіваеш і г. д.). У сваю чаргу ад дзеяслоўнага фразеалагізма ўзнікла суадноснае назоўнікавае
Выбываць (выбыць; выходзіць, выйсці) са строю. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘траціць працаздольнасць ці баяздольнасць’ і ‘пераставаць дзейнічаць, станавіцца непрыгодным, ламацца, псавацца’. [Дзед] сяктак ад хваробы выкачаўся. Толькі надоўга выбыў са строю, і Міколкавы прыгоды надалей доўга абыходзіліся без удзелу дзеда Астапа (М. Лынькоў. Міколка-паравоз). [Целеш: ] Аварыя ў цэху шасі, Павел Міхайлавіч. Адзін электраматор выйшаў са строю, а ў рэзерве няма (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба).
Утвораны на аснове адпаведнага састаўнога тэрміна, які ўжываецца ў маўленні ваенных, дзе слова строй абазначае ‘воіны, пастроеныя радамі’ і ‘састаў дзеючай арміі’.
Выбыццё са строю чыё, каго. Уласна бел. Страта магчымасці працаваць, дзейнічаць. [Нявідны] думае аб тым, у якой ступені выбыццё яго з строю работы адаб’ецца на самой рабоце (Я. Колас. Дрыгва).
Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выбыць са строю, адно са значэнняў якога — ‘страціць працаздольнасць ці баяздольнасць’ (гл.).
Вывесці на арбіту каго. Гл. выводзіць (вывесці) на арбіту каго.
Вывесці на чыстую ваду каго. Агульны для ўсходнесл. м. Выкрыць чые-н. цёмныя справы, нядобрыя ўчынкі. — Пакажу, зараз пакажу. Выведу я гэту кулацкую каросту на чыстую ваду! А гэта што?! — У руках у Гаварушкі такі было каліва жыта (М. Лобан. Гарадок Устронь).
Мяркуюць, што фразеалагізм паходзіць з мовы рыбакоў — са словазлучэння вывесці на чыстую ваду рыбу (калі яна, клюнуўшы, трапіла на вудачку). Узнікненне выразу звязваюць таксама са старажытным жорсткім звычаем выпрабавання «ведзьмакоў» вадой: падазронага кідалі ў раку, і калі ён усплываў, то лічыўся вінаватым, а калі тануў — несправядліва абвінавачаным. У «Песні пра зубра» М. Гусоўскага чытаем: «Хопіць таго, каб пайшлі пагалоскі ў народзе: „Ён, бач, вядзьмар, і ціхцом ён з нячыстым вядзецца!“ Схопяць у міг бедалагу, павяжуць і рукі, і ногі і кінуць з высокага берага ў вір галавою; бачаць, што топіцца, — што ж, вінавайца, а як не топіцца, лічаць, што вінны напэўна!»
Вывесці ў поле каго. Устар. Запазыч. з польск м. (wуwе's'c w роlе). Спрытна, хітра ашукаць, падмануць каго-н. Дык ты мяне думаеш вывесці ў поле? (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта).
Узнік, хутчэй за ўсё, у маўленні паляўнічых. Ім лягчэй (з дапамогай сабак) упаляваць зайца, скіраваўшы яго з лесу ў адкрытае поле. Супаставім ужыванне фразеалагізма з агаленнем яго ўнутранай формы праз параўнальны зварот, у выніку чаго вобраз, прыхаваны ў фразеалагізме, становіцца этымалагічна празрыстым: «Я чалавек бывалы, маю розум і патраплю яго вывесці ў поле, як зайчыка пад хартоў» (В. Дунін-Марцінкевіч). Ёсць і іншая этымалагічная гіпотэза. Б. А. Ларын у кнізе «История русского языка и общее языкознание» (М., 1977, с. 157) цытуе прыклад з украінскай народнай казкі: «Ты мене вывів у поле» (у значэнні «ты абдурыў мяне»). I далей: «А крыніцай гэтага
Вывесці ў расход каго. Гл. выводзіць (вывесці; спісваць, спісаць) у расход каго.
Выводзіцца на арбіту. Агульны для ўсходнесл. м. Станавіцца вядомым. Мы тут гаворым пра больш сур’ёзнае: пра той агульны арыенцір у сучаснай літаратуры, па якім выводзяцца на арбіту ўсё новыя эпапеі аб Вялікай Айчыннай вайне (А. Адамовіч. На бестэрміновай перадавой).
Паходзіць з тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў галіне касманаўтыкі.
Выводзіць (вывесці) на арбіту каго. Агульны для ўсходнесл. м. Дапамагаць стаць вядомым, з трывалым месцам у жыцці. Каб на мяне, дык я б паддаў каленцам не толькі Таўкачу, а й тым жа акружэнцам, якія застаюцца не пабіты, а Таўкачоў выводзяць на арбіту (М. Скрыпка. Таўкач і акружэнцы).
Узнік у выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў галіне касманаўтыкі.
Выводзіць (вывесці; спісваць, спісаць) у расход каго. Агульны для ўсходнесл. м. Знішчаць, расстрэльваць. Войта Васіля Бусыгу ў расход вывелі як зацятага контррэвалюцыянера (Я. Колас. Дрыгва).
Склаўся шляхам пераасэнсавання састаўнога тэрміна, якім у рахункаводстве карыстаюцца для абазначэння ўліку выдаткаў.
Выдаваць (выдаць) нагара што. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘рабіць што-н., займацца чым-н.’, ‘даваць жыццё чаму-н., спараджаць што-н.’ і ‘ствараць у працэсе творчай дзейнасці’. Як ні дзіўна, але да гэтага часу найменш выдалі нагара нашы кансультанты (М. Танк. Час і літаратура). Цяпер галоўная функцыя дырэктара заключалася ў тым, што ён выдаваў нагара новыя ідэі (І. Шамякін. Вазьму твой боль). Гэта тваё самае лепшае апавяданне, якое ты калі-небудзь выдаваў нагара. Ты проста малайчына! (В. Зуб. Дзве галавы лепш).
Утвораны на аснове горнага тэрміналагічнага словазлучэння, у якім нагара абазначае ‘наверх, на паверхню зямлі’. Параўн. ужыванне ў тэрміналагічным значэнні: «Брыгада Уладзіміра Шульгі выдала нагара за суткі тысячу тон руды» (М. Шыманскі).
Выдаць з галавой каго. Усходнесл. Аддаць на расправу. Жыгун жа «дружка» не пакрые: ён выдаў яго з галавою (Я. Колас. Адплата).
Першапачатковая форма фразеалагізма — выдаць галавой (у такой форме ён нярэдка выкарыстоўваецца і цяпер), а першапачатковая сфера яго ўжывання — суды Кіеўскай Русі. «Выдача галавой» абазначала, што вінаватага аддавалі ў рукі істца, у поўнае яго распараджэнне. Так, «выданы галавой» даўжнік станавіўся рабом таго, у каго пазычаў, і працаваў у яго, пакуль не адрабляў усяго доўгу. З «выданым галавой» абыходзіліся як з рабом, здзекаваліся, а то і забівалі.
Выдаць сябе з галавой. Гл. з галавой выдаць сябе.
Выдраць лысаму валасы (валоссе). Уласна бел. Зрабіць ці, выхваляючыся, мець намер зрабіць што-н. недарэчнае. — Ну што, выдраў лысаму валасы, вызначыўся? — Зраблю вывады, Сцяпанавіч… (А. Масарэнка. Баргузінскае лета).
Выраз з паэмы К. Крапівы «Хвядос — Чырвоны нос» (1930). Ужыты ў такім кантэксце: «— Дык і я магу пад кіпець Там якога Чэмберлена. Перад гэтым толькі выпіць Дзеля смеласці нядрэнна… — Так, нішто з цябе ваяка — Выдраць лысаму валоссе, Ды, шкада, вайны ніякай Для цябе не засталося».