Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ён не памёр!
– адказалi ружы.
– Мы ж былi пад зямлёй, дзе ляжаць усе памёршыя, але Кая мiж iх не было.
– Дзякуй вам!
– сказала Герда i пайшла да iншых кветак, заглядвала ў iх чашачкi i пыталася:
– Вы не бачылi, дзе Кай?
Але кожная кветка грэлася на сонейку i думала толькi пра сваю ўласную казку цi гiсторыю. Шмат iх наслухалася Герда, але нiводная не сказала нi слова пра Кая.
Тады Герда пайшла да дзьмухаўца, якi ззяў у зiхоткай зялёнай траве.
– Ты, маленькае яснае сонейка!
– сказала яму Герда.
– Скажы, цi не ведаеш, дзе мне шукаць майго пабрацiмку?
Дзьмухавец
– Быў першы вясновы дзень, сонца грэла i так прыветна свяцiла на маленькi дварок. Промнi яго слiзгацелi па белай сцяне суседняй хаты, i каля самай сцяны паказалася першая жоўценькая кветачка, яна ззяла на сонцы, нiбы залатая. На двор выйшла пасядзець старая бабуля. Вось вярнулася з гасцей яе ўнучка, бедная служанка, i пацалавала бабулю. Пацалунак дзяўчыны даражэйшы за золата - ён iдзе проста ад сэрца. Золата на яе вуснах, золата ў сэрцы, золата i на небе ў ранiшнi час! Вось i ўсё!
– сказаў дзьмухавец.
– Няшчасная мая бабуля!
– уздыхнула Герда.
– Напэўна, яна сумуе па мне i бядуе, як бедавала па Каю. Але я хутка вярнуся i яго прывяду з сабой. Няма чаго больш i распытваць кветкi - толку ад iх не даб'ешся, яны толькi i расказваюць сваё!
– I яна пабегла ў канец саду.
Дзверы былi зачынены, але Герда так доўга хiстала iржавую засаўку, што яна паддалася, дзверы адчынiлiся, i дзяўчынка так, басаножкай, пабегла па дарозе. Разы тры азiрнулася назад, але нiхто не гнаўся за ёю.
Нарэшце яна стамiлася, прысела на камень i агледзелася: лета прайшло, на дварэ была позняя восень. Толькi ў дзiвосным бабульчыным садзе, дзе вечна ззяла сонейка i цвiлi кветкi ўсiх часiн года, гэтага не заўважалася.
– Божа! Як жа я забавiлася! Бо ўжо восень на дварэ! Тут не да адпачынку! сказала Герда i зноў рушыла ў дарогу.
Ах, як нылi яе бедныя стомленыя ножкi! Як холадна, сыра было навокал! Доўгае лiсце на вербах зусiм пажаўцела, туман асядаў на яго буйнымi кроплямi i сцякаў на зямлю; лiсце так i сыпалася. Адзiн толькi цярноўнiк стаяў увесь пакрыты даўкiмi, аскомiстымi ягадамi. Якiм шэрым, панурым здаваўся ўвесь свет!
Гiсторыя чацвертая
Прынц i прынцэса
Давялося Гердзе зноў прысесцi адпачыць. На снезе проста перад ёю скакаў вялiкi крумкач. Доўга глядзеў ён на дзяўчынку, кiваючы ёй галавой, i нарэшце прамовiў:
– Кар-кар! Добры дзень!
Выгаворваць па-чалавечы чысцей ён не мог, але жадаў дзяўчынцы дабра i запытаўся ў яе, куды гэта яна брыдзе па белым свеце адзiнюткая. Што такое "адзiнюткая", Герда ведала вельмi добра, сама на сабе зведала. Расказаўшы крумкачу пра ўсё сваё жыццё, дзяўчынка пацiкавiлася, цi не бачыў ён Кая.
Крумкач задумлiва пакруцiў галавой i сказаў:
– Магчыма! Магчыма!
– Як! Праўда?
– усклiкнула дзяўчынка i ледзь не задушыла крумкача - так моцна яна яго пацалавала.
– Цiшэй, цiшэй!
– сказаў крумкач.
– Думаю, гэта быў твой Кай. Але цяпер ён, пэўна, забыўся пра цябе са сваёю прынцэсай!
– Хiба ён жыве ў прынцэсы?
– спытала Герда.
– А вось паслухай, - сказаў крумкач.
– Толькi мне вельмi цяжка гаварыць па-вашаму. Калi б ты разумела па-крумкачынаму, я б паведаў
– Не, гэтаму мяне не вучылi, - сказала Герда.
– Як шкада!
– Але нiчога, - сказаў крумкач.
– Раскажу, як здолею, хоць i дрэнна.
I ён расказаў усё, што ведаў.
– У каралеўстве, дзе мы з табой знаходзiмся, ёсць прынцэса, такая разумнiца, што i перадаць нельга! Прачытала ўсе газеты на свеце i забыла ўсё, што ў iх прачытала, - вось якая разумнiца! Аднаго разу неяк сядзiць яна на троне - а радасцi ў гэтым не надта шмат, як людзi кажуць, - i напявае песеньку: "Чаму б мне не выйсцi замуж?" "А то i на самай справе!" - падумала яна, i ёй захацелася замуж. Ды мужам яна хацела выбраць такога чалавека, якi б умеў адказваць, калi з iм размаўляюць, а не такога, якi ўмеў бы толькi важнiчаць, - гэта ж так сумна! I вось барабанным боем склiкаюць усiх прыдворных дам, аб'яўляюць iм волю прынцэсы. Як яны ўсе ўзрадавалiся! "Вось гэта нам падабаецца!
– кажуць.
– Мы i самi нядаўна аб гэтым думалi!" Усё гэта шчырая праўда!
– дадаў крумкач.
– У мяне пры двары ёсць нявеста - ручная варона, ад яе якраз я i ведаю ўсё гэта.
На другi дзень усе газеты выйшлi з паласой з сэрцаў i з вензелямi прынцэсы. У газетах было абвешчана, што кожны малады чалавек прыемнага выгляду можа прыйсцi ў палац i паразмаўляць з прынцэсай; таго ж, хто будзе трымацца проста, як дома, i акажацца найбольш красамоўным, прынцэса выбера за мужа. Так, так!
– паўтарыў крумкач.
– Усё гэта такая ж праўда, як тое, што я сяджу тут перад табою. Народ валам павалiў у палац, пачалася цiсканiна i таўкатня, але ўсё без карысцi нi ў першы, нi на другi дзень. На вулiцы ўсе жанiхi размаўляюць выдатна, а варта iм пераступiць парог палаца, убачыць гвардыю ў срэбры ды лакеяў у золаце i ўвайсцi ў вялiзныя, залiтыя святлом залы - i бянтэжацца. Падыдуць да трона, дзе сядзiць прынцэса, ды i паўтараюць за ёю яе ж словы, а ёй зусiм не гэта было патрэбна. Ну, быццам на iх чары напускалi, апойвалi дурманам! А выйдуць за вароты - зноў вяртаецца да iх дар слова. Ад самых варот да дзвярэй цягнуўся доўгi-доўгi хвост жанiхоў. Я сам там быў i бачыў.
– Ну, а Кай жа, Кай?
– спытала Герда.
– Калi ж ён з'явiўся? I ён прыйшоў сватацца?
– Пачакай! Пачакай! Вось мы якраз дайшлi i да яго!На трэцi дзень з'явiўся невялiчкi чалавечак, не ў карэце, не вярхом, а проста пяшком, i напрасткi ў палац. Вочы ззяюць, як твае, валасы доўгiя, вось толькi апрануты бедна.
– Гэта Кай!
– узрадавалася Герда.
– Я знайшла яго!
– I яна запляскала ў ладкi.
– За плячыма ў яго была торба, - працягваў крумкач.
– Не, гэта, пэўна, былi яго санкi!
– сказала Герда.
– Ён пайшоў з дому з санкамi.
– Магчыма i так!
– сказаў крумкач.
– Я не асаблiва прыглядваўся. Дык вось, мая нявеста расказвала, як увайшоў ён у вароты палаца i ўбачыў гвардыю ў срэбры, а па ўсёй лесвiцы лакеяў у золаце, то нiколькi не разгубiўся, толькi галавой кiўнуў i сказаў: "Сумненька, вiдаць, стаяць тут на лесвiцы, увайду ж я лепш у пакоi!" А ўсе залы залiты святлом. Тайныя саветнiкi i iх правасхадзiцельствы пахаджваюць без ботаў, залатыя талеркi са стравамi разносяць, - больш урачыста i немагчыма. Боты яго жахлiва рыпяць, а яму хоць бы што.