Уліс з Прускі
Шрифт:
«…Робіцца нешта і на небе, і тут, у нас. Гэта ж пабудавалі тую крухмальню. Крухмальня дае пану, вядома, добры прыбытак. Але здарылася і ў нас забастоўка. Новы настаўнік Мірон Міхайлавіч і раней казаў: „Несправядліва з вамі абыходзіцца Падгурскі. Вунь, кажа, у Амэрыцы па восем гадзін працуюць, не болей! А вы — самае малое па дванаццаць! Хаця б да дзесяці знізілі…“ Уступаць у перамовы ніхто не асмельваўся. Праца ішла па-ранейшаму, і ўсе думалі, што так і будзе. Ніхто ні разу не памкнуўся змяніць заведзены ход справы. І толькі калі Падгурскі знізіў расцэнкі: замест дваццаці капеек у дзень стаў плаціць пятнаццаць, —
Як ты там? Цяжка, мусіць? Але спадзяёмся на літасць Бога, што ўсё будзе добра.
І яшчэ паведамляем табе, што з Амэрыкі вярнуўся Цімафей Хлябіч, твой таварыш. Кажуць, што гэну забастоўку ён і ўчыніў.
Яшчэ збіралі грошы на помнік трохсотгоддзю царскага дома дынастыі Раманавых. У нас ніхто дакладна не ведае, калі тое трохсотгоддзе. Бацюшка айцец Глеб і ўраднік Кастанты кажуць па-рознаму. Настаўнік Прускаўскай царкоўнапрыходскай школы Мірон Міхайлавіч Клімчук адмовіўся даваць, сказаў, што хутчэй утопіцца, чым зробіць гэта. Бацюшка айцец Глеб празваў яго вальнадумцам. Паліцэйскі ўраднік Кастанты данёс тыя словы станавому, і той чыніў допыт…»
Ліст, як звычайна, заканчваўся шматлікімі паклонамі, у тым ліку паклонам ад Ганны, пра якую было напісана:
«…Ходзіць Ганна як ружа, уся Пруска дзівіцца яе маладосці і хараству. Але ад Васіля з Амэрыкі па-ранейшаму нічога не чутно…»
Прачытаўшы, Лявонка замаркоціўся. Думаў пра Ганну, пра тое, што трэба вяртацца дадому. Там вунь якія падзеі. Успомніўся чамусьці Андрэй Кляновік. А можа, ён і мае рацыю? Яго прысутнасць на тым прускаўскім скліку была б вельмі дарэчы. І яшчэ больш захацелася дадому. Пакутлівая хвароба — настальгія. Ён адчуваў, як неадступным ценем ходзіць за ім яго адзінота. Вяртацца, вяртацца, вяртацца…
Трэба было зарабіць на дарогу і вяртацца. Але дзе знайсці работу аслабеламу пасля бальніцы? І тут у яго ўзнікла думка падацца на ферму да Бузукоў.
Стаяла лета. Білет купіў усё да той жа станцыі Маршалтаўн. Аконныя шыбіны ў вагонах былі прыспушчаны, і пасажыры адчувалі дыханне цёплага ветру, які нёс тонкі водар далёкіх траў і кветак. Лявонка ўглядаўся ў прывычныя ўжо краявіды — мільганне рэчак, азёраў, рэдкіх фермерскіх гаспадарак. Седзячы і заснуў.
У Ілінойс прыехаў пад раніцу. Нарэшце знаёмае:
— Маршалтаўн!
Трава серабрылася пад узыходзячым сонцам, але расы не было. Вось як здараецца: не спадзяваўся, што ізноў давядзецца ісці па гэтай дарозе. Тое самае наваколле, прырода, мясціны. Тыя самыя ільмы, толькі, здаецца, яшчэ больш магутныя, разложыстыя. Пад дрэвамі — каровы, авечкі. Пойма ўсё той жа Матушкі Волгі. Буслоў толькі чамусьці няма, і думка пабегла ў Пруску: а ў нас буслы — на кожнай балацявіне, на кожнай клуні. А як прыгожа ў Прусцы раніцай, калі сонца таксама толькі ўзыходзіць. Па расе прайсці, на дымок з комінаў паглядзець. Блінцамі, бульбай свежай пахне. Прускавец глыбока ўдыхнуў у сябе паветра. Цяпер хацелася толькі аднаго: крыху адпачыць, супакоіцца, сабрацца з сіламі і, зарабіўшы грошай на дарогу, вярнуцца дадому.
Нарэшце
Іван нешта рабіў на панадворку, каля хлява, і ўбачыў яго здалёк. На галаве ў яго насунуты на лоб шыракаполы капялюш з плоскімі палямі. «Не той, не саламяны», — падумаў прускавец. Але камбінезон і боты, відаць, тыя ж. Іван сардэчна паціснуў руку былому работніку. Крыху пастарэў, паддаўся націску часу. Каля вуснаў праступілі маршчыны.
— Я гляджу — агароджа ў вас стала вышэй!
Іван засмяяўся:
— Чым вышэй агароджа, тым чысцей поле.
Замест калодзежа — калонка. Пампуе ваду з глыбіні.
На ганак выйшла Мелані. Яна зусім не змянілася. Пазнала і ўсміхнулася. Павіталіся. Госця запрасілі ў хату.
Тая ж мэбля, на падаконніках усё тыя ж кветкі герані, на сцяне — знаёмая лямпа з бліскучым адлюстравальнікам. На стале стаяў грамафон фірмы «Віктор» — павеў новага. Лявонка расказаў пра сябе, пра свае прыгоды. Працаваў у «Форд мотар-компані» ў Дэтройце. І без працы доўгі час быў. Рыбачыў на Вялікіх азёрах. Прастудзіўся, плаваючы на караблі, урачы параілі падацца далей ад вады — у глыб кантынента. Доўга ў Амерыцы заставацца не плануе, з даўгамі разлічыўся, пара дадому. Што яму тут рабіць — аднаму?
— Манкі бізнес! — паспачуваў фермер.
— Здзекуюцца над прыезджымі, эмігранты здольны многае выцерпець, — уздыхнула Мелані.
— Падсмаж нам яечню з беконам, — сказаў Іван, хочучы, відаць, падмацаваць Лявонкавы падупалыя сілы, і ўсміхнуўся госцю: — Ой! Работы ў нас шмат! Сёлета я пакуль што нікога не браў — усё роўна як ведаў, што ты прыедзеш.
Іванавы словы ўзрадавалі прускаўца. Ён і сам не мог зразумець, чаму і за што людзі да яго добра адносіліся. Вось як гэты фермер. Мог жа сказаць — шукай работы ў іншым месцы, але не сказаў. Ведае, мусіць, што не падвядзе, таму і пакідае.
— Правільна зрабіў, што вярнуўся. Земляробства, братка, аснова ўсяго! Без зямлі чалавека няма.
Прускаўцу карцела спытаць пра Анет, але ён не рашаўся. Падтрымаў думку гаспадара:
— Так, сапраўды, мусіць, нарадзіўся я земляробам, і сялянская праца мне па душы. Цягне да яе, да вясковага ўлоння.
Гаспадары згодна ківалі галовамі.
— Анет ужо скончыла каледж? — не вытрымаў ён.
— Скончыла яшчэ ў мінулым годзе. Цяпер настаўніца, у Маршалтаўне, — адказала маці.
— Дык табе, відаць, пара ўжо і натуралізавацца? — сказаў Іван.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Гэта значыць атрымаць амерыканскае падданства.
— А што гэта дасць?
— Будзеш мець голас на выбарах, правы…
Было над чым падумаць.
Праца на ферме ішла па заведзеным земляробчым календары. Адпачываць надта не было калі, і ён улёг у работу.
Не, новага на ферме шмат. Асабліва здзівіла, што ў гаспадарцы з'явіліся невядомыя дагэтуль машыны. Іван, ужо без бацькі, паспеў купіць трактар — «Фардзон». Тут Лявонка некалі ўпершыню сеў на жняярку, а цяпер, можа, трактарам давядзецца пакіраваць? Ці толькі трактарам? У гаражы стаяў форд мадэлі «Т» з адкідным верхам.