Уліс з Прускі
Шрифт:
— Уважліва глядзіце ў ваду! Чуеце? Уважліва! — наказваў боцман.
Побач з ім знаходзіўся капітан Лукас. Ён стаяў нерухомы і непахісны, упёршыся ў палубу нагамі, як бы ўросшы ў яе і не адчуваючы гайданкі. Люлькі не курыў, мусіць, каб не выдаць сябе агеньчыкам.
— Што можна ноччу ўбачыць? — незадаволена круціў галавой Спайдэр.
— Убачыш! — строга адказаў яму боцман, які разам з капітанам і машыністам заставаўся на смаку. — Нагой намацаеш і ўбачыш.
Спайдэр казаў праўду: убачыць ракавінку з вустрыцай цяжка — трэба будзе абмацваць дно рукамі ці нагамі. Пара. Бераг знаходзіўся побач. Яны пакінулі шлюпку і, пераваліўшыся цераз борт, апынуліся ў вадзе.
Апошнім часам здароўе ў прускаўца
Вецер між тым мацнеў, узбуйняў і пеніў хвалі, і тыя кідаліся на збіральнікаў ракавінак усё больш варожа, як бы хацелі прагнаць іх з абсягаў гэтай воднай прасторы. Прагнаць, каб папярэдзіць што благое? Бо насоўваўся, не іначай, шторм, і трэба было вяртацца дадому. Матросаў паклікалі на смак.
— Тэмпо! Тэмпо! — прыспешваў боцман.
Лявонка ўзабраўся на палубу па вераўчанай лесвіцы, і тут жа зазвінеў якарны ланцуг. Смак нібы ажыў і загайдаўся на хвалях. Вецер дуў з паўднёвага захаду. «Той самы тарнада!» — падумаў ён і пачуў, як над ім, уверсе, голасна закрычалі нейкія птушкі. У шуме вады пазнавалася стоеная трывога. Выраслі і добра-такі ўспеніліся хвалі. Разбіваючыся аб борт, яны абдавалі веерам халодных пырскаў. Смак натужна скрыпеў усімі сваімі снасцямі. Прыбавілі абароты, і карабель стаў набіраць хуткасць. Хвалі раз'юшваліся ўсё больш, пачалі ўжо абрушвацца на палубу і з пенай перакатвацца цераз яе, губляючы сілу і знікаючы за другім бортам.
Раптам наперадзе з'явіліся нейкія агні.
— Патруль! — занепакоіўся боцман і разгублена паглядзеў у бок капітанскага мосціка.
Гэта і сапраўды быў быстраходны шлюп, які мог без асаблівых намаганняў дагнаць не разлічаны на вялікую хуткасць стары рыбацкі смак, і ў ім упаўне магла быць канадская паліцыя. Пражэктарныя агні пагрозліва абмацвалі хвалі.
— Эй, за рулём! — крыкнуў капітан. — Трымай да ветру!
Смак павярнуў убок, і вецер туга дыхнуў у твар. Агні таксама некуды адсунуліся, адсталі, быццам зніклі, але потым ізноў пачалі набліжацца. Адчувалася, што са шлюпа іх заўважылі. Капітан яшчэ раз памяняў курс. Боцман загадаў выкінуць з трума вустрыц, іх выгружалі тымі самымі кашамі, а Лявонка са Спайдэрам высыпалі за борт.
Машына надрывалася, вібрыруючы ўсімі сваімі механізмамі. Кола хрыпла, з перабоямі лапатала па вадзе. У цемнаце Лявонка бачыў, як капітан і боцман нервова пазіралі адзін на аднаго. Смак тыкаўся ў вецер, як у якую сцяну. Усё роўна як нешта павінна было адбыцца.
— Slack here а bit! [11] — крыкнуў капітан, маючы на ўвазе, відаць, машыніста, які стаяў на карме, ля машыны.
Але было позна. Смак, як нейкі падбіты арол, узнёсся ўверх, на грэбень хвалі, і раптам абрынуўся ўніз, захлынаючыся вадой. Наступная хваля ўдарыла яшчэ мацней і змыла з палубы ўсіх, хто на ёй знаходзіўся. Гэта — апошняе, што запомніў прускавец, апынуўшыся ў вірлівай каламуці. Вада выштурхнула яго на паверхню, але з-за хваляў нічога і нікога нельга было ўбачыць, і ён з жахам зразумеў, што дапамогі не будзе, што яе няма адкуль чакаць, што ён адзін у гэтым бязлітасным віры. У свядомасці нібы ў сполахах бліскавіцы адзін за адным узнікалі імгненні пражытага. Выразна паўсталі ў памяці маці, сястрычкі, дзед Кірыла. «І Ганна не дачакаецца. Абяцаў вярнуцца, і раптам такое…» Ён па-сабачы доўга валтузіўся ў вадзе, змагаўся з хвалямі, адплёўваўся і нечакана для сябе заўважыў, як яго прыціснула да нечага цвёрдага. Гэта была перавернутая шлюпка з іх смака, на ёй яны падплывалі
11
Зменш абароты! (англ.)
А Спайдэр? А астатнія? І зор чамусьці не відаць. Вада здавалася густой і вязкай, як дзёгаць. Гайдаліся і біліся аб абернутую шлюпку хвалі, заліваючы тапельца. Некуды знік і патруль, як бы яго і не было.
Чалавекам авалодаў нясцерпны адчай: «А можа, я чужы для гэтага свету? Калі чужы, то не выплыву…» Дзесьці ў глыбіні істоты самі па сабе пачалі ўзнікаць словы малітвы. Гэта было дзіўна і нечакана для яго самога — вусны самі шапталі забытыя словы: «Божа міласціў, будзі мяне, грэшнага, саздаве імя Госпадзі, памілуй мя, Госпадзі, без чысла саграшыма, Госпадзі, памілуй…»
Ён паўтараў і паўтараў словы малітвы, пранікаючыся яе містычным сэнсам. Сіл, здаецца, ужо не было, і яму спатрэбіліся невераемныя намаганні, каб не страціць прытомнасць. «А Пруска? Няўжо так і не ўбачу? Нават ведаць нічога не будуць. Што благое падумаюць… Я павінен, павінен змагчы, у мяне павінна хапіць сілы, каб зрабіць гэта…» У галаве мітусілася нейкая бяссэнсіца, абрыўкі думак: «Ну, вось табе і Амэрыка. Гэта ж трэба было ехаць за свет, каб утапіцца». Зноў успомнілася маці. З глыбіні свядомасці выплыў вобраз Ганны. «Не, я павінен жыць, я мушу жыць, я хачу жыць!» Ён яшчэ мацней учапіўся за кіль.
Неба з цёмнага паступова станавілася ружовым, але чалавека пакідалі апошнія сілы. На світанні яго ахапіў страшэнны холад, і ён зразумеў, што акалее. Вяла прамільгнула думка: «Усё…» І ён страціў прытомнасць…
Выратаваў, можна сказаць, цуд. Акалелы, ён нават не адчуў, што нехта ўзяў за плечы, а потым пад рукі і пацягнуў у лодку. Гэта быў той самы патруль, ад якога ўцякаў іх смак.
Ачуняў толькі ў бальніцы.
— Запаленне лёгкіх, — сказаў нехта побач.
«Урач, мусіць». Тапелец адкрыў вочы: перад ім стаяў не ўрач, а дзяўчына ў белай сукенцы. Валасы па модзе схоплены чарапахавымі грабянцамі. На галаве быццам капялюшык з чырвоным пяром. Ён нават адчуваў яе дыханне на сваім твары. Цёплае і пяшчотнае. «Бузукова Ганна, амэрыканка! Да бацькі прыехала, на ферму. Не! Не яна. Гэта ж прускаўская Ганна!» Ён паспрабаваў падняць галаву, каб уважлівей яе разгледзець, але дзяўчына знікла. Усю істоту працяў востры нутраны боль, і, страціўшы свядомасць, хворы ўпаў на падушку.
Прыйшоў да памяці раніцай наступнага дня. Трызненне прайшло. Сэрца страпянулася ад радаснай думкі, што не загінуў, можа жыць, рухацца, бачыць святло. «А каб утапіўся, усё б страціў!»
VIII
Той раз бура на рацэ Гудзон і на возеры Эры патапіла не адзін іх смак, а ажно шэсць параходаў, забрала трыццаць пяць чалавечых ахвяр. Гэта праз колькі дзён яму паведаміў урач. Хворы глянуў на рукі з сінімі ўздутымі жыламі: «Вось табе і на! Зноў шпіталь…» Навакольны свет здаваўся яму цяпер нейкім крохкім і кволым. Зрэшты, як і ён сам. Доўга не праходзіў кашаль.
— Лёгкія ў цябе слабыя, нельга табе на вадзе! Табе сухі клімат патрэбны! — тлумачыў урач. — Ехаў бы ты, дружа, на поўдзень!
Пасля бальніцы, паправіўшыся, з'явіўся ў свой барак, у якім жыў, калі плаваў на смаку. З каманды ніхто не вярнуўся. Загінуў, мусіць, і Спайдэр, пра якога ў прускаўца засталіся добрыя ўспаміны. У бараку жылі ўжо новыя людзі — пра тых ніхто нічога не ведаў.
Тут яго дачакаўся нарэшце ліст з Прускі, і ён адразу ж пачаў чытаць. Пасля звычайных прывітанняў Тоня, відаць, пад сямейную дыктоўку, пісала: