Уліс з Прускі
Шрифт:
Некалькі начэй спаў у парку, потым нехта параіў яму адну начлежку — начны прытулак. Называлася яна чамусьці — па іроніі лёсу, ці што? — «Каралеўская» і каштавала дзесяць цэнтаў у суткі. Пастаяльцы спалі проста на падлозе. Некаторыя, добра стомленыя, храплі так, што здавалася, разваляцца сцены. У пакоі стаяў застарэлы пах карболкі і нейкіх лекаў. Гаспадыня ці хто з пастаяльцаў часта, відаць, звярталіся да валяр'янавых кропель. Місіс Айрыс — так звалі гаспадыню — на сваёй палавіне трымала шмат катоў. Гэта была худая метыска няпэўнага ўзросту,
— Зразумела, — пыхнула яна папяросным дымам, — няма работы, няма грошай, а калі няма грошай — нічога няма!
— А якую ж работу вы шукаеце? — умяшаўся ў размову адзін з пастаяльцаў — прысадзісты мужчына з рудымі адтапыранымі вусамі.
— Сам не ведаю, — шчыра прызнаўся новы пастаялец.
— Час зараз цяжкі,— чалавек правёў рукою па вусах, як бы жадаючы іх крыху прыгладзіць.
Лявонка даведаўся, што ён слесар, але ўжо даўно не мае работы.
— А самі адкуль? — пацікавіўся рудавусы.
— Russian.
— О! Гэта вельмі далёка.
— Чаму? Гэта Еўропа.
— І нашто вам было ехаць сюды? Злятаюцца, як мухі на мёд, — дзівілася пані Айрыс, заціснуўшы папяросу ў куток рота.
— Трэба ж свет пабачыць! Як жа без гэтага? — адказаў прускавец, каб заадно падбадзёрыць і сябе самога.
— Свет пабачыць? — паціснула сухімі плячыма пані Айрыс. — Хіба ён не ўсюды аднолькавы?
Слесар з рудымі вусамі — эмігрант з Даніі. Праўда, імя ў яго амерыканскае — Боб. Прызнаўшы ў Лявонку земляка з Еўропы, пазычыў яму два даляры.
Еў Лявонка раз на дзень у самай таннай, напэўна, сталоўцы: абед каштаваў у ёй усяго дванаццаць цэнтаў. Пасля абеду ён зноў ішоў на біржу: а раптам пашанцуе. Вулічны брук завалены розным смеццем: паперкамі, разбітай упаковачнай тарай, гнілой садавінай і гароднінай. Мітусяцца людзі. Цяжэй за ўсё было гэтае чалавечае раўнадушша, ніхто не бачыць, ніхто не хоча дапамагчы. Пачуваеш сябе яшчэ больш самотна, чым у лесе, сярод дрэў. Але ж, калі падумаць, знаходзяцца і добрыя людзі: гаспадыня гэтай самай начлежкі пані Айрыс, датчанін, што пазычыў грошы, хоць сам такі ж бядняк…
Разважаючы сам з сабой, падышоў да фантана, які аздабляў невялічкі сквер, нагнуўся, зачарпнуў у прыгаршні вады, папіў. Ззаду заўважыў індзейца, які набліжаўся з працягнутай рукой. «Просіць грошы». Намацаў у кішэні манетку ў два цэнты і кінуў у руку індзейца.
— Кормяць гэтых нікчэмных валацуг, а якая з іх карысць? — пачулася ззаду.
Але ён не звярнуў увагі на гэтыя словы — трэба было паспець на біржу.
Дарогу раптам заступіў натоўп, што вываліў з суседняй вуліцы. Чуваць былі галасы:
— Папаўся, чарнамазы!
Натоўп віраваў вакол чарнаскурага чалавека з відавочнай прымессю індзейскай крыві, пра што сведчыў ягоны твар.
— Папаўся, чарнамазы! — паўтараў сыты чалавек з вялікім падбародкам і жыватом.
— Бі яго! — хваляваўся натоўп. — Бі!
— Белыя! —
Перад Лявонкам мітусіліся налітыя крывёю твары, пырскаючыя слінаю раты з выскаленымі зубамі.
— За што ж гэта яго? — пытаўся хтосьці побач.
— Кажуць, згвалціў белую дзяўчыну. Яго ўжо вялі ў турму, але сабраўся натоўп, — расказваў чалавек з шэрым шчаціннем на твары.
— Да жанчыны прыставаў! — тлумачыў увішны тып у глыбока насунутым на вочы зялёным капелюшы.
— А хто бачыў? Можа, каму здалося, а негр невінаваты? — засумняваўся нехта.
Яго адразу ж перапынілі:
— Не ўмешвайся! Не твая справа!
— Няшчасны… — паспачуваў жаночы голас.
— Назад іх трэба — у Афрыку! — лаяўся і махаў рукамі тып у зялёным капелюшы.
— У якую Афрыку! Паглядзі — ён жа напалавіну індзеец! — пярэчыў чалавек з няголеным шчаціннем на твары.
— Годдэм! — пачулася чыясьці басавітая лаянка.
— Годдэм! Годдэм! — з асалодай паўтараў нізенькі бялявы мужчына са светлымі вадзяністымі вачыма, грэбліва скрывіўшы губы.
— Я ні ў чым не вінаваты! — плакаў негр, але яго ніхто не слухаў.
Нельга было без жаху глядзець на азвярэлы натоўп лінчавальнікаў, якія збіліся ў нейкі д'ябальскі клубок. Асуджаны апраўдваўся, крычаў, маліў аб літасці, як бы шукаючы некага сярод натоўпу апухлымі ад крывацёкаў вачыма. Лявонку падумалася, што ён ужо некалькі разоў бачыў такое забойства канакрада ў Прусцы. Ад гэтай думкі ён ажно здрыгануўся.
— Расшпілі яму штаны! Што там у яго? Пакажы ўсім! — крычаў усё той жа зялёны капялюш.
Плечы і рукі негра канвульсіўна калаціліся, з рота выпаўзалі бурбалкі белай пены. Яго павалілі і пачалі абвязваць ногі вяроўкай.
— Адрэзаць! Адрэзаць! — узвіўся над натоўпам прарэзлівы голас.
У людзях абудзіўся нейкі звярыны інстынкт, нічым не стрымліваемая жорсткасць. Асабліва стараўся, мітусіўся ўвішны чалавек у зялёным капелюшы. Ён жа і палез на тэлеграфны слуп з канцом вяроўкі, заціснутай у зубах, і перакінуў яго праз жалезны крук. Праз некалькі імгненняў негр вісеў уніз галавой. Выгляд яго наводзіў жах: твар пасінеў, вочы выкаціліся з арбіт, з рота тырчаў вялікі чорны язык. Але і гэта, відаць, не задаволіла натоўп.
— Падпаліць! Падпаліць! — раўлі лінчавальнікі.
— Нафтай яго абліць! Нафтай!
Але да нафты справа не дайшла (не знайшлі, можа, ці што), і няшчасны застаўся вісець.
Лявонку зноў падалося, што гэта Букер — той самы Букер Вашынгтан, з якім разам працавалі на ферме ў містэра Брыца. Але не — ні таго, ні другога ўжо няма на свеце.
«…Забілі невядома за што. Можа, ён і не вінаваты… Усе ж ведаюць, што Хрыстос патрабаваў, каб мы любілі бліжняга, як самі сябе…»
На біржу ў той дзень ён ужо не пайшоў. Зайшоў у парк, пастаяў сярод дрэў. «…Не, у натоўпу няма праўды, няма міласэрнасці. Хрыста некалі ніхто не пашкадаваў. Крычалі: „Распні!..“»