Уліс з Прускі
Шрифт:
— Морганы і Ракфелеры ўсё прыбралі да рук! А нас тут лічаць смеццем, якое Еўропа выкінула ў Новы Свет. Мы для іх ніжэйшыя. Тут рабочы часам бядней жыве, чым у Расіі. У Расіі на Пуцілаўскім заводзе рабочы атрымлівае нават і дзвесце рублёў у месяц. А тут? Добра, калі пяць-дзесяць даляраў.— Прыгубіўшы партвейну, ён працягваў: — Але і ў Расіі рабочых прыціснулі. Пасля пятага года… Як што якое — за плот! Беспрацоўных там — процьма…
— Да гэтага часу не магу выслаць пану, у якога зямлю купіў,— як бы паскардзіўся Лявонка.
— Ты што? — Кляновік ажно падскочыў
А як жа? Я ж у яго пазычыў! Доўг, бачыш, мае ўласцівасць расці, калі яго дарэшты не выплаціць…
— Ну, брат, дзіўна ты разважаеш. Надта ты нейкі рассудачны. Прыйдзе час — зямлю раздадзім задарма!
Лявонка ўжо даўно прывык: дарма яму нічога не даставалася, таму падумаў, што таварыш агаварыўся.
— Як задарма?
— Задарма і пароўну.
Прускавец ажно рот раскрыў. Цяпер ужо ён мог сказаць: «Ашалець можна!» Але цёмна-шэрыя Кляновікавы вочы глядзелі смела і нават задзірыста. І тут, як і тады ў крэпасці, ён гаварыў так шчыра і пранікнёна, што нельга было не заслухацца.
— Пану свайму ты нічога не вінен, нават калі і пазычыў у яго. А ён табе — вінен! Абдурваў цябе і бацькоў тваіх усё жыццё…
Андрэй адкінуў плечы на спінку крэсла і, паманіўшы пальцам афіцыянта-негра, заказаў два куфлі таго ж імбірнага піва і, калі негр пайшоў выконваць заказ, блізка схіліўся над Лявонавым плячом, горача зашаптаў:
— Рэвалюцыйна-сацыялістычны рух набывае сёння вялікі размах па ўсім свеце! Лёс трэба браць ва ўласныя рукі!
Для большай пераканаўчасці Андрэй падняў свае здаровыя зграбныя рукі і патрос імі перад сабой. Вось, маўляў, гэтыя рукі і апроч іх няма нам на каго спадзявацца. Лявонка падумаў, што гэты чалавек сапраўды настойлівы і ўмее дабівацца свайго. «На Трахіма крыху падобны», — успомніў чамусьці свайго прускаўскага сябрука.
— Вы — сацыяліст?
Кляновік усміхнуўся.
— Дык што ж гэта такое — сацыялізм? Рэлігія новая, ці што?
Кляновік адмоўна пакруціў галавой.
— Не. Сацыялізм — гэта такое жыццё, парадак такі. Кожны ўносіць сваю долю працы, колькі ён можа ўнесці, а атрымлівае па патрэбах. Пры сацыялізме людзі будуць шчаслівыя, а значыць, і справядлівыя. А якая можа быць справядлівасць там, дзе аднаму належыць усё, а другому — нічога?.. Пасля адмены эксплуатацыі чалавека чалавекам дастаткова будзе працаваць дзве гадзіны ў дзень, а можа, і менш. Гэта — маё перакананне!
— Перакананне? — перапытаў прускавец.
— Так, кожны чалавек павінен мець сваё перакананне! — цвёрда адказаў Кляновік.
— Ну, а цяпер што вы робіце?
— За што мы змагаемся? Па-першае, за скарачэнне рабочага дня і павышэнне аплаты; па-другое, за страхаванне рабочых — хто пацярпеў ад няшчаснага выпадку, хваробы ці беспрацоўя; па-трэцяе, за пенсійнае забеспячэнне старых і калек, за забарону дзіцячай працы… За многае змагаемся. Дэтройтам мы пакуль што не задаволены. Сацыялістычны рух тут яшчэ адстае. Гэта не Чыкага. У Чыкага мы збіраем больш галасоў, чым дэмакраты! Тут да нас пакуль што
Адчувалася, што ён ведаў настрой рабочых па ўсёй Амерыцы.
— Рэвалюцыянеры, брат, вялікія сябры! Для нас няма межаў і перашкод. Хто б ты ні быў — рускі, немец, француз, амерыканец, але калі мы з табой сацыялісты — мы сябры. Праўда, ёсць і здраднікі…
Яны нейкі час памаўчалі, потым раптам Кляновік сказаў:
— Цара мы павесім! — і ціха дадаў, гледзячы суразмоўцу ў вочы: — І іншым не будзе літасці!
Прускаўцу ажно заняло дых.
— Кіраваць будуць тыя, хто нічога не мае!
Тое, што гаварыў Андрэй, не месцілася ў галаве.
— Што ж для гэтага трэба?
— Згуртаванасць.
— Людзі ж не роўныя, адзін больш рухавы, другі — менш. Хто разумны — хто дурны? Як іх згуртуеш?
Кляновік паморшчыўся, як бы яму зуб забалеў ці што яшчэ.
— Гэта так. Але калі мы адчуем сябе адным класам, калі мы загарымся агульным пачуццём нянавісці і гневу, мы адчуем сваё адзінства. Гэта — галоўнае!
— Няўжо гэтак калі-небудзь будзе? — усумніўся Лявонка.
— Арганізаванасці нам яшчэ не стае, — прызнаўся прыяцель, уздыхнуў і прыгладзіў на галаве кучаравыя валасы. Раптам ён спыніўся і стаў глядзець некуды паверх Лявонавай галавы, у нешта ўслухоўваючыся. У вачах — мройлівасць. — Чуеш?
— Што?
— Музыку!
Лявонка прыслухаўся, але нічога не пачуў. Музыканты ў салуне якраз зрабілі перапынак — перасталі іграць. Прыяцель паглядзеў на яго з нейкім няўцямным шкадаваннем, як на блазна.
— Ведаеш? Мне яна начамі сніцца.
— Хто? Музыка?
— Рэвалюцыя!
— А калі ж гэта ўсё адбудзецца? — Прускаўцу перахапіла дых.
Кляновік заўсміхаўся:
— Дакладную дату, калі гэта выбухне, назваць цяжка, але к таму ідзе, — ён набраў поўныя грудзі паветра. — У мяне ўжо ў галаве, паверыш, гараць пажары!..
Тут яны абодва як бы знепрытомнелі.
Першы ачухаўся прускавец:
— А як жа потым?
— Што — потым? Галоўнае — уладу ўзяць, парадак навесці, па справядлівасці.
Прускавец ажно ўпацеў. Рашучасці яго новага знаёмага, здавалася, не было межаў.
— Цяжкая гэта, відаць, справа — рэвалюцыя?
Кляновік не паспеў адказаць. Да століка падышоў афіцыянт папярэдзіць, што салун хутка зачыняецца.
— Прыходзь заўтра на Дзірнборн, там мітынг мае быць. Беспрацоўныя вырашылі правесці, на раніцу назначылі,— сказаў Кляновік, калі афіцыянт адышоў.
— Які мітынг?
— Мітынг сацыялістаў. Заўтра ж Першае мая. — Кляновік устаў.— Я, браце, люблю сярод мас быць. Душой ажываю. Масы — гэта жыццё. Ну, будзь! Гуд бай!
V
З пахмелля шумела ў галаве, але пра мітынг Лявон не забыў. Апрануўшыся, выйшаў на вуліцу. Брудна-шэрыя хмары навісалі над горадам, чапляючыся за яго высокія цагляныя гмахі. Нейкае яшчэ бязлістае ці, можа, усохлае дрэва абсела чарада чорных птушак. Гэта былі звычайныя вароны. Радаваліся, відаць, вясне і ладзілі свае гульні.