Злая зорка
Шрифт:
— Я? — Вольга Андрэеўна збянтэжылася. — Чаму раптам такое пытанне?
— Уначы мне не спалася, i я думала… А кал i гэта кара за тое, што мы мала ў што верым?
— Не, не, не! — рашуча запярэчыла сталая жанчына. — Хіба ты не верыш маці, бацьку, Глебу? Я верыла ў людзей. Я верыла людзям. Няпраўда, што мы паганыя. Няпраўда! Не могуць быць няверамі ўсе… увесь народ.
— Вы ідэалістка, мама. А я…
— Што ты? Ты слаўная, Ірына. У цябе добрае сэрца.
— Як мне хочацца піць! Толькі цяпер я разумею, што такое смага ў пустыні. Смага ў Палессі. Раней з гэтага пасмяяліся б. Чалавек памёр ад смагі над Прыпяццю… Балюча
— Не трэба, Ірына.
— Якія пакуты. Хоць раз прыйшло ў галаву, што я перажыву пакуты тых матак i дзяцей, што ўцякалі ад вайны? А мы ж… Мы не ўцякаем… мы ідзём на яе… на вайну. Баляць не толькі губы. Баліць i язык. Патрэскаўся таксама? Гэта не апісана ні ў адной медыцынскай кнізе… такая смага, калі трэскаецца язык. А што потым? Аняменне? Раней, каючыся, людзі давалі зарок маўчання. Самая страшная кара — жыць сярод людзей i маўчаць. Праўда?
Вольгу Андрэеўну трывожыла гэтае Ірыніна жаданне гаварыць. Не ўласціва гэта ёй, стрыманай, сур’ёзнай. Такое бывае ад страху.
«О божа! Злітуйся, не дай пасяліцца страху ў душы яе! Бо страх — смерць. Дзе б напаіць яе? Дарэмна не дала напіцца з калодзежа. Не насыпалася ж туды, у вуз кую бетонную трубку, гэтых праклятых… як ix называюць?.. Нябачныя, нячутныя, без паху, яны навокал, гэтыя часцінкі матэрыі, i яны смерць».
Да людзей яны выйшлі. Неўзабаве. Мінулі сасняк, i перад імі адкрыўся горад — той, які называюць у зводках. Але Ірына добра ведала гэты горад, была неаднойчы, апошні раз — перад вяселлем. Горш ведала яго Вольга Андрэеўна, наведалася некалі аднойчы, даўно, зрабілі экскурсію, калі пусцілі станцыю, а горада, па сутнасці, яшчэ не існавала. Але не горад прыцягнуў ix увагу, які страшыў, хоць i імкнуліся туды, — ведалі, што ён пусты, без людзей, i што туды не пускаюць. Але ж недзе жывуць тыя, што робяць на станцыі. У Чарнобылі — сказалі міліцыянеры. Як гэта далека! Трэба мінуць горад, названы па рацэ, i ісці яшчэ бясконцыя дваццаць вёрст. Каля вады без вады.
Шаша вяла ў горад. Але побач недалёка ад яе — чыгунка. Яны збочылі на палявую сцежку i выйшлі да чыгункі, узышлі на насып, ад якога востра пахла нагрэтымі на сонцы пяском, шпаламі, металам, мазутам. Рэйкі блішчалі. І з’явілася адчуванне адлегласці i хуткасці, якое заўсёды бывае на чыгунцы.
Яны глядзелі ўперад: там, ля горада, рэйкі разыходзіліся на многа пуцей, зіхацелі шыбамі станцыйныя пабудовы. Але там было пуста — ні вагонаў, ні людзей.
Ix спадарожнік пёсік, мабыць, першы ўгледзеў людзей — гаўкнуў у другі бок, на захад. Яны павярнуліся i ўбачылі там, за які кіламетр-паўтара, таварны састаў i людзей, што снавалі, як мурашы, выгружаючы скрынкі ці штосьці іншае — нават Ірына разгледзець не магла. Людзі выглядалі што прывіды — у белым адзенні. Але гэта былі людзі. I жанчыны пайшлі да ix.
На пераездзе ix затрымалі. Салдаты. Здзівіліся:
— Вы адтуль? — паказалі на горад.
— Не, мы адтуль, — кіўнула Вольга Андрэеўна на захад i пачала хутка тлумачыць, як яны трапілі сюды.
Вартавы не стаў слухаць — не яго справа, паклікаў з будкі камандзіра.
Старшы лейтэнант выйшаў непрычасаны, непадпяразаны, увогуле нейкі пакамечаны, як з пахмелля. Але ўбачыў жанчын — падцягнуўся, падперазаў рэмень, прыгладзіў далонямі непакорлівыя віхрастыя валасы. Слухаў ix уважліва. Асабліва ажывіўся, калі Ірына ад якой ён не адводзіў вачэй, перапыніўшы свякроў,
— У вас ёсць вада?
— Піць?
— Піць.
Старшы лейтэнант кінуўся ў будку, вынес няпоўную скрынку пляшак з міргарадскай, мінеральнай.
У ірыны ажно закружылася галава, a ў перасохлым горле i страўніку пачаліся спазмы.
Камандзір адкаркаваў пляшку зубамі, ды тут жа збянтэжыўся, пляснуў ваду на зямлю.
— Вы прабачце… Я другую…
— Не, не…
Аднак ён ускочыў у будку i вярнуўся ca іпклянкай.
— Вы сядайце.
Спаласнуў шклянку вадой з адкрытай бутэлькі. Ірына ледзьве не закрычала, што ён вылівае ваду на зямлю. Пухіры газу лопаліся, стралялі. Яна на адлегласці лавіла засмяглым ротам ix жыццятворную вільгаць. Баялася, што страціць прытомнасць раней, чым нап’ецца. Другую пляшку афіцэр адкрыў «культурна» — пятаком. Наліў поўную шклянку, але на міг завагаўся: каму першай падаць ваду — старой, маладой? Перамагла выхаванасць ці, можа, тое, што Вольга Андрэеўна паведаміла, хто яны. Працягнуў шклянку ёй. Але маці тут жа перадала яе нявестцы.
— На, Ірыначка.
Тая працягнула руку і… паплыло неба, свякроў, калыхнулася мора вады i абрынулася на яе. Упала б яна на жорсткі i гарачы пясок, але салдат, што стаяў далей, чым Вольга Андрэеўна i афіцэр, спрытна падхапіў маладую жанчыну, падняў i паклаў на лаўку.
Вольга Андрэеўна спалохана закрычала. Разгубіўся афіцэр. А салдат узяў з яго рук пляшку, набраў вады ў рот, пырскнуў Ірыне ў твар, паднёс да вуснаў шклянку. Праз міг яна прагна пачала каўтаць кіслую ад газу ваду. Прытомнасць вярнулася да яе. Яна вінавата ўсміхалася свекрыві i вайскоўцам, што завіхаліся побач.
— Божа, як ты напалохала мяне, дзіця маё.
— Нічога. Гэта бывае. Гэта i з намі здараецца, з мужчынамі,— разважліва казаў малады, але вопытны салдат.
Ірына прагна піла ваду, i з кожным глытком да яе вярталіся сілы, дужасць. Яна паднялася. Але Вольга Андрэеўна i афіцэр падтрымалі яе.
— Нельга вам на сонцы. Хадзімце ў будку. Там прахалода.
— Не, не. Нам трэба ісці.
— Куды вы пойдзеце?
— Міліцыянеры сказал i — трэба ў Чарнобыль.
Афіцэр ціха свіснуў.
— Ды вы што! Праз горад, міма станцыі машыны не пускаюць. Вунь які круг робім, — ён паказаў рукой на поўдзень, у палявую прастору, што танула ў паўднёвай смузе, задумаўся, уздыхнуў: — Бачу, назад вас не адашлеш. Добра, я давязу вас на першай жа машыне. А цяпер адпачніце. Але хвіліначку…
Кінуўся ў будку; трэба было перад тым, як запрасіць жанчын, прыбраць сляды мужчынскай неахайнасці.
Яны паверылі яго абяцанню i паслухмяна ўвайшлі ў чыгуначную будку, дзе была прахалода, але паветра вільготнае i цяжкое, ударыла ў насы пракіслаю страваю, відаць, яшчэ ад былых гаспадароў —сям’і будачніка, потнымі анучамі, газаю.
— Прабачце, кісла тут у нас. Але мы не праветрываем. Замяралі тут нашы. У памяшканні ўсё ж фон ніжэйшы. Шкарпэткі нашы менш небяспечныя, чым… азон гэты. Азон! — хмыкнуў на нечаканае вы значэнне.
— A які ён тут, фон? — спыталася Ірына.
— Самы розны, — ухіліўся старшы лейтэнант ад канкрэтнага адказу. — Калі не грэбуеце, лажыцеся на нашы коўдры — паказаў на каналу i на ложак. — Жылі тут людзі бедныя ці сквапныя, нічога з пасцелі не засталося. У Прыпяці багацця навалам. Ды я забараніў сваім. А некаторыя марадзёрствуюць.