Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Спяваць (пець) асанну каму, чаму; Агульны для ўсходнесл. м. (руск. петь осанну, укр. співати осанну). Празмерна ўсхваляць каго-, што-н. Народ, не верачы газетам, пра яблыневы марыў сад, галасаваў з такім імпэтам — быў так патрэбен Аляксандр! Быў шанец мо галоўны самы, адзін за гэтулькі вякоў ужо спявалі мы асанну! (Р. Тармола-Мірскі. Зруб).
Склаўся на аснове біблейскіх сюжэтаў. Асанна, неўжывальны па-за фразеалагізмам кампанент, з’яўляецца запазычаннем са старажытнаяўрэйскай мовы (hasanna!)
Ставіць на карту. Паўкалька з ням. м. (auf eine Karte setzen). Рызыкаваць, спадзеючыся дабіцца чагосьці. Усё ставіў ён на апошнюю сваю карту; усё яшчэ насіўся са сваімі шалёнымі планамі падпарадкаваць увесь свет інтарэсам фашысцкай імперыі (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Паходзіць з мовы карцёжнікаў, дзе прамое значэнне словазлучэння ставіць на карту — ‘уносіць у банк грошы, на якія ігрок страчвае права ў выпадку пройгрышу’.
Ставіць (паставіць) знак роўнасці паміж кім, паміж чым. Ужыв. амаль ва ўсіх еўрапейскіх мовах. Магчыма, калька з англ. (split hairs) ці ням. (Haare spalten) м. Лічыць каго-, што-н. зусім аднолькавым, раўнацэнным, падобным. У вобразе Дзіміна Івана Міхайлавіча выразна бачыцца воблік Дзёміна. Аднак нельга ставіць паміж імі знак роўнасці (І.Новікаў. 3 жыцця і для жыцця).
Утварыўся ў выніку пераасэнсавання састаўнога матэматычнага тэрміна.
Ставіць (паставіць) кропкі над «і». Калька з франц. м. (mettre les points sur les i). Канчаткова высвятляць yc"e, не пакідаючы нічога недагаворанага, даводзячы ўсё да лагічнага канца. Гісторыя ўрэшце разважыць, паставіць кропкі над «і» (ЛіМ. 8.06.1984).
У лац. алфавіце ёсць літара «і» (як і ў бел. ды ўкр. м.). У франц. м. выраз напачатку меў больш вузкае значэнне ўдакладнення сказанага ці напісанага, ужываўся, калі трэба было ўдакладніць што-небудзь.
Ставіць (паставіць) крыж на кім, на чым, над чым. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. ставить крест, укр. ставити хрест). Траціць усякую надзею на каго-, што-н., адмаўляцца ад каго-, чаго-н. Мне ажаніцца цяпер — значыць, паставіць крыж над усім, што я люблю і чаму я адданы (П. Пестрак. Сустрэнемся на барыкадах).
Склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца, калі гавораць пра крыж над магільным пагоркам. Лічаць таксама, што ўзнікненне фразеалагізма магло быць звязана і з такой рэаліяй, як перакрэсліванне крыжам чаго-небудзь непатрэбнага ў паперах.
Ставіць (паставіць) на дыван каго. Уласна бел. Прымушаць трымаць адказ на якія-н. прэтэнзіі, заўвагі і пад. Упершыню ўсмешка скрывіла вусны нечым моцна заклапочанага чалавека… — Усе мы смелыя, пакуль нас не паставяць на дыван (І.Шамякін. Атланты і карыятыды).
Утварыўся на аснове фразеалагізма на дыван (гл.) — калькі з англ. м., які сваё акалічнасна-прыслоўнае значэнне рэалізуе пры дзеясловах-суправаджальніках выклікаць,
Ставіць (паставіць) на крыло каго. Уласна бел. Расціць, выхоў-ваць, даводзячы да самастойнасці. Італьянскі настаўнік выхоўвае і ставіць на крыло сапраўдную змену сапраўднай нацыі. Таму колькасць урокаў на тыдзень — самая мізэрная (Я. Рагін. Эканоміка павінна быць…).
Выраз «птушынага паходжання». Склаўся шляхам мадэліравання — на ўзор фразеалагізма ставіць на ногі (каго), адно са значэнняў якога тоеснае са значэннем выразу ставіць на крыло (каго). Параўн. ужыванне гэтага выразу з агаленнем яго вобразнасці праз параўнанне з птушанятамі: «Знакаміты крытык, бы птушанят, паставіў на крыло цэлае паэтычнае пакаленне» (З. Мельнікава).
Ставіць (паставіць) y тупік каго. Агульны для бел. і руск. м. Прыводзіць у збянтэжанасць, y цяжкае становішча. Сярод звычайных старажытных малюнкаў удзельнікі экспедыцыі знаходзілі і такія, якія ставілі іх у тупік (Г. Шыловіч. Школа ля крэпасці).
Утвораны шляхам пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння з маўлення чыгуначнікаў, дзе тупік абазначае ‘чыгуначны станцыйны пуць з адзіным выхадам’.
Ставіць (устаўляць, соваць, сунуць) палкі(-у) y кола(-ы) каму, чаго. Калька з франц. (mettre des b^atons dans les roues) ці англ. (to put a spoke in some one’s wheel) м. Знарок перашкаджаць каму-, чаму-н. Вера выступае ў спрэчках… і ў гарачыя запальныя словы ўкладае сваё глыбокае абурэнне супраць тых, хто ставіць палкі ў кола вялікага будаўніцтва (М. Зарэцкі. Вязьмо).
Склаўся ў выніку пераасэнсавання адпаведнага свабоднага словазлучэкня, якое ўжывалася, калі гаварылі пра дзеянні, звязаныя з тармажзннем калёс, карэты і пад.
Сталыпінскі гальштук. Агульны для ўсходнесл. м. Шыбеніца, пятля. Лютуюць карныя экспедыцыі, шырока практыкуюцца ваенна-палявыя суды, расстрэлы, шыбеніцы, пакідаючы далёка за сабою эпохі мураўёўскіх шыбеніц і сталыпінскіх гальштукаў (Я. Колас. Далоў панскую інквізіцыю!).
Выраз належыць кадэту Ф.І.Родзічаву. 17 лістапада 1907 г. на пасяджэнні Дзяржаўнай думы П. А. Сталыпін заявіў, што яго ўрад і ў далейшым будзе жорстка падаўляць рэвалюцыйны рух у Расіі. Выступіўшы ў спрэчках, Ф.І.Родзічаў сказаў, што рэпрэсіўныя сродкі барацьбы «нашчадкі назавуць, магчыма, сталыпінскім гальштукам». У гады сталыпінскай рэакцыі даволі папулярнымі былі куплеты тыпу: «У нашего премьера Ужасная манера На шею галстуки цеплять…».
Станавая жыла (станавы хрыбет) чаго, чыя. Запазыч. з руск. м. Самае галоўнае, асноўнае ў чым-н. Ядром гаспадаркі, яе станавой жылай з’яўляецца, вядома, комплекс па адкорму буйной рагатай жывёлы на 10 000 галоў (Звязда. 8.07.1987).