Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Склаўся, відаць, пад уплывам франц. выразу entre quatre mures (літаральна «паміж чатырох сцен») як яго недакладная калька. Фразеалагізм успрымаецца як матываваны.
У чорным святле. Калька з франц. м. (tout en noir). Змрочна, непрыглядна, горш, чым на самай справе (бачыць, паказваць, выглядаць і пад.). Што ж, разумная крытыка на карысць ідзе, і баяцца яе няма чаго. Аднак не думаю, каб у вас тут усё блага было, выглядала ў чорным святле (Т. Хадкевіч. Даль палявая).
Узнік, відаць, як антанімічнае ўтварэнне на аснове фразеалагізма ў ружовым святле (гл.). Чорны
У чорным целе трымаць. Відаць, запазыч. з руск. м. Ужыв. са значэннямі ‘надгаладзь, без дастатковага харчавання’ і ‘вельмі строга, сурова, абмяжоўваючы свабоду дзеянняў’. [Змітро: ] Што ж вас у чорным целе трымаюць, не кормяць? Выкінулі сюды, як непрыкаяных> і забыліся, што есці хочаце (Г. Марчук. Прызнанне ў забойстве). Іх, гэтых гусляроў трэба ў чорным целе трымаць. A мы ім патураем. Волю далі (А. Асіпенка. Святыя грэшнікі).
Першапачаткова выраз ужываўся ў дачыненні да коней і абазначаў ‘у худым целе, сярэдне (трымаць)’. В.І.Чарнышоў прыводзіць урывак з «Рэгулы аб конях» (1725), дзе даецца інструкцыя «глядзець, каб халастыя кабылы былі ў чорным целе». Яшчэ адно значэнне развілося ў фразеалагізме пад уплывам выразаў y цуглях, y абцугах трымаць.
У чорта на кулічках. Запазыч. з руск. м. Вельмі далёка, y аддаленых мясцінах (быць, жыць, знаходзіцца і пад.). Ну што ж, пойдзем па хатах. Я ў чорта на кулічках жыву. Праводзіць мяне не трэба (А. Асіпенка. Крык чайкі).
Мяркуюць, што сучасная форма гэтага фразеалагізма з’яўляецца пераробкай даўнейшага выразу ў чорта на куліжках, дзе куліжкі абазначаюць ‘выпаленыя, расчышчаныя пад раллю лясныя палянкі’. Тут аралі і сеялі на працягу некалькіх гадоў, a пасля палянкі зноў зарасталі лесам; існавала павер’е, што тут водзяцца чэрці.
Ф
Фама няверны. Агульны для ўсходнесл. (руск. Фома неверный, укр. Хома невірний) і польск. (niewiemy Tomasz) м. Чалавек, якога цяжка прымусіць паверыць чаму-н. Заслонаў, весела смеючыся, дастаў з кішэні гімнасцёркі сваё колішняе пасведчанне… — Чытай, Фама ты няверны… (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Пра недаверка часам кажуць: не паверыць, пакуль не памацае. Так было і з апосталам Фамой, як пра гэта расказваецца ў евангельскай прытчы (Іаан, 20, 24–29). Пачуўшы, што распяты на яго вачах Хрыстос уваскрэс, Фама сказаў, што не паверыць гэтаму, пакуль не ўбачыць і не памацае на яго руках ран ад цвікоў і не ўкладзе сваёй «рукі ў рэбры яго». I тады, як гаворыцца ў прытчы, з’явіўся перад ім Ісус і сказаў: «Падай палец твой сюды і падзівіся на рукі мае, падай руку тваю і ўкладзі ў рэбры мае, — і не будзь няверны, a верны». На аснове гэтай легенды склаўся фразеалагізм. Яго прыметнікавы кампанент — семантычны архаізм, слова, адно са значэнняў якога ўстарэла. Раней прыметнік няверны ўжываўся і са значэннем ‘які не верыць’. Часам выраз ужыв. y літаратуры і ў такім афармленні: няверны Тамаш (М. Танк), няверны Хама (Я. Колас), Фама няверуючы (А. Жалязоўскі), Хама
Фігавы лісток. Агульны для ўсходнесл., польск., чэшск. м. Крывадушная маскіроўка ганебных учынкаў, прыкрыцце чагосьці непрыстойнага. Хто ў гэтай драме — герой, хто статыст, распішуць стратэг і статыстык, схаваўшы лоб за браніраваны ліст, сумленне — за фігавы лісцік (В.Вітка. Спакуса).
Узнік на аснове біблейскага падання пра першых людзей на зямлі (Быццё, 3, 7). Адам і Ева пасля выгнання іх з раю (гл. y касцюме Адама) упершыню пазналі сорам і, каб схаваць сваю галізну, зрабілі сабе паясы з лісця фігавага дрэва. Выраз атрымаў асаблівае пашырэнне ў сувязі з тым, што жывапісцы і скульптары XVI–XVIII стст., калі трэба было адлюстраваць голага чалавека, выкарыстоўвалі фігавы лісток як умоўнасць: царква не дазваляла паказваць галізну ў мастацтве.
Фіга на талерцы. Уласна бел. Непрыемнасць для кагосьці, прыхаваная ветлівасцю, далікатнасцю. Гэта будзе для Анішчука і яго кампаніі нешта накшталт хвігі на талерцы (І.Гурскі. Хлеб).
У XIX ст. фразеалагізм ужываўся ў больш поўнай форме: той жа кукіш (фіга), ды на талерцы. Ён падаецца ў зборніку І.Насовіча з такім тлумачэннем сэнсу: «кажуць, калі хто грубасць, дакор і непрыемнасці прыхоўвае формамі далікатнасці». Вызваленне ад лішніх кампанентаў, сціск выразу адбыліся непасрэдна ў жывой народнай мове, адкуль фразеалагізм трапіў y мастацкія тэксты (упершыню выкарыстаны ў 1927 г. y вершы К. Крапівы «Фіга на талерцы»).
Фіглі-міглі. Запазыч. з польск. м. (figle-migle). Жарты, хітрыкі, спрытныя прыёмы для дасягнення чаго-н. Шчэпкін мусіў вярнуцца, зрабіць рукамі фіглі-міглі, і толькі тады яму заапладзіравалі (А. Карпюк. След на зямлі).
Назоўнік figel, адно са значэнняў якога ў польск. м. — ‘жарт’ (figle — ‘жарты’), — сэнсаўтваральны кампанент фразеалагізма. Другі ж кампанент — прыдуманы, нематываваны, узніклы ў працэсе рыфмоўкі, падагнаны пад гукавую сіметрыю выразу, a можа, і звязаны з коранем дзеяслова miga'c — ‘мігаць, падміргваць’.
Фігу з макам. Гл. дулю (фігу) з макам.
Фігу з маслам. Гл. дулю (фігу, кукіш) з маслам.
Фількава грамата. Паўкалька з руск. м. Пустая паперка, несапраўдны ці няправільна напісаны дакумент. 3’явілася на тых валях розная шума несусветная, усялякія фуражыры-драпежнікі, якія бралі ў сялян і пошар, і коні пад шарлатанскія распіскі, фількавы граматы… (У. Дубоўка. Пялёсткі).
Узнікненне фразеалагізма растлумачваюць па-рознаму. Адны лічаць аўтарам выразу Івана Грознага, які нібыта пагардліва назваў маскоўскага мітрапаліта Філіпа Фількай, a яго пісьмы да цара, накіраваныя супраць апрычніны і палітыкі тэрору, — «филькиной грамотой». Другое меркаванне (М. М. Шанскі) больш пераканальнае: выраз узнік па мадэлі састаўных тэрмінаў тыпу духоўная грамата. Прыметнікавы кампанент фразеалагізма ўтварыўся ад назоўніка філька — уласна рускага слова са значэннем ‘недалёкі чалавек, дурань’ (параўн. таксама рускае простофиля). Першапачатковы сэнс выразу быў вузейшы, чым цяпер: ‘бязглузда складзены дакумент’.