Чтение онлайн

на главную

Жанры

80000 кіламетраў пад вадой

Верн Жуль

Шрифт:

— Спадар прафесар, — гаварыў ён мне. — Трэба пакончыць з гэтым! Ваш Нэма аддаляецца ад заселеных зямель і ідзе на поўнач. Але я ўжо казаў вам, што з мяне хопіць паўднёвага полюса, мне няма чаго рабіць на паўночным.

— Што-ж рабіць, Нэд, калі ўцяканне ў гэты момант немагчыма?

— Я вяртаюся да сваёй прапановы. Трэба пагаварыць з капітанам. Вы маўчалі, калі мы плылі ўздоўж берагоў вашай радзімы. Цяпер мы плывём ля берагоў маёй, — і я не магу маўчаць! Калі я думаю, што праз некалькі дзён «Наўтылус» будзе каля Новай Шатландыі і што там ля Ньюфаўндленда ёсць шырокая бухта, што ў гэтую бухту ўпадае рака святога Лаўрэнція, і што рака святога Лаўрэнція — мая родная рака, рака горада

Квэбека, майго роднага горада, — калі я ўспамінаю ўсё гэта, я трасуся ад шаленства! спадар прафесар, я не магу болей, я кінуся ў мора! Я не застануся тут. Я задушуся!

Канадзец, відаць, страціў апошнія рэшткі цярпення. Яго дужая натура не магла прымірыцца з гэтым бясконцым замкненнем. Яго твар з кожным днём рабіўся ўсё больш суровым. Я добра разумеў яго пакуты, бо сам захварэў сумам па радзіме.

Мінула ўжо сем месяцаў, як мы згубілі ўсякую сувязь з зямлёй. Ды апрача таго замкнёнасць капітана Нэма, другі настрой пасля бойкі са спрутамі, яго маўклівасць — усё гэта прымушала бачыць рэчы ў другім святле. Я не адчуваў больш энтузіязма першых дзён. Трэба было быць фламандцам, як Кансель, каб згаджацца з гэтым жыццём, зусім адпаведным для кітоў і іншых насельнікаў мора, але не для людзей. Сапраўды-ж, каб гэты добры дзяцюк меў жабры замест лёгкіх, ён быў-бы вельмі паважанай рыбай.

— Дык як-жа, спадар прафесар? — запытаўся Нэд Лэнд, бачачы, што я не адказваю яму.

— Значыцца, Нэд Лэнд, вы хочаце, каб я даведаўся ў капітана Нэма, якія ў яго планы наконт нас?

— Так, прафесар.

— І вы настойваеце, не гледзячы на тое, што адзін раз ён ужо выказаў іх?

— Так. Я хачу высветліць усё ў апошні раз. Кажыце пра мяне, толькі пра мяне аднаго, калі хочаце.

— Але я амаль не бачу яго. Ён уцякае ад мяне.

— Тым больш падстаў яго ўбачыць!

— Добра, я запытаюся, Нэд.

— Калі? — настойваў канадзец.

— Калі яго сустрэну.

— Спадар Аранакс, хочаце, я сам пайду знайду капітана?

— Не, не, пакіньце гэта мне. Заўтра…

— Сёння, — сказаў Нэд Лэнд.

— Добра. Я ўбачу яго сёння, — адказаў я канадцу, баючыся, што ён сапсуе ўсю справу, калі возьмецца за яе сам.

Я застаўся адзін. Паабяцаўшы высветліць усё, я рашыў зрабіць гэта безадкладна. Я заўсёды лічыў за лепшае прыкрую сапраўднасць, чымся нудную невядомасць.

Я вярнуўся ў свой пакой. За сцяной пачуліся крокі капітана Нэма. Нельга было прапускаць такі добры выпадак. Я пастукаў у яго дзверы. Ніякага адказу. Я зноў пастукаў, потым пакруціў ручку дзвярэй. Дзверы расчыніліся.

Я ўвайшоў. Капітан быў у сваім пакоі. Сагнуўшыся над сваім рабочым сталом, ён нешта пісаў. Ён не пачуў маіх крокаў. Парашыўшы не выходзіць, не пагаварыўшы з ім, я падышоў да яго. Ён рэзкім рухам падняў галаву, насупіў бровы і запытаўся ў мяне даволі груба:

— Вы тут? Што вам ад мяне трэба?

— Гаварыць з вамі, капітан.

— Але я заняты, васпане, я працую. Я пакінуў вам поўнае права быць адным, — ці думаеце вы, што я пазбаўлены гэтага права?

Гэты прыём даваў мала надзей на паспяховы вынік перагавораў. Але ўсё-ж я рашыў давесці справу да канца.

— Спадар, — сказаў я холадна, — я павінен гаварыць з вамі аб безадкладнай справе.

— Аб якой-жа, прафесар? — запытаўся ён насмешліва. — Вам пашчасціла зрабіць якую-небудзь вынаходку, якой не заўважыў я? Мора расказала вам якую-небудзь новую тайну?

Перш чым я паспеў адказаць, ён паказаў мне на аркушы рукапіса, якія ляжалі ў яго на стале, і дадаў больш сур’ёзным тонам:

— Вось, спадар Аранакс, рукапіс, напісаны на некалькіх мовах. Ён змяшчае ў сабе вынікі маіх навуковых доследаў у моры, і я спадзяюся, што ён не загіне разам са мной. Гэты рукапіс, падпісаны маім імем і папоўнены гісторыяй майго жыцця, будзе паложаны ў маленькі плывучы апарат. Апошні, хто застанецца ў жывых на «Наўтылусе», кіне апарат у мора, і хвалі панясуць яго.

Імя гэтага чалавека! Яго гісторыя, напісаная ім самім! Значыцца, тайна яго калі-небудзь будзе адкрыта?

Але пакуль што ў гэтым паведамленні я ўбачыў магчымасць перайсці да патрэбнай мне тэмы.

— Капітан, — сказаў я, — я магу толькі адобрыць ідэю, якую вы збіраецеся ажыццявіць. Было-б вар’яцтвам, каб вынікі вашай працы загінулі. Але спосаб, вынайдзены вамі, здаецца мне занадта прымітыўным. Хто ведае, куды вецер занясе гэтую прыладу і ў якія рукі яна трапіць? Ці нельга прыдумаць што-небудзь больш пэўнае? Можа вы самі або адзін з вашых таварышаў…

— Ніколі, спадар! — жвава спыніў мяне капітан.

— У такім разе я і мае спадарожнікі, мы гатовы хаваць гэты рукапіс, і калі вы вернеце нам волю…

— Волю? — сказаў капітан Нэма, падымаючыся.

— Так, капітан, гэта тое, аб чым я хацеў гаварыць з вамі. Вось ужо сем месяцаў, як мы знаходзімся на вашым караблі, і я хачу запытаць вас сёння ад свайго імя і ад імя сваіх таварышаў, ці маеце вы намер трымаць нас тут усё жыццё?

— Спадар Аранакс, я адкажу вам тое-ж, што адказаў сем месяцаў назад: хто трапіў на «Наўтылус», той ніколі больш яго не пакіне!

— Але-ж гэта сапраўднае нявольніцтва!

— Называйце гэта як вам спадабаецца.

— Нявольнік мае права імкнуцца на волю! Усе спосабы для гэтага добрыя.

— Гэтага права ніхто не адымае ад вас, — адказаў капітан Нэма. — Хіба я звязваў вас якой-небудзь прысягай?

— Спадар, — сказаў я яму, — ні мне, ні вам не хацелася вяртацца ў другі раз да гэтай тэмы. Але-ж паколькі мы ўжо кранулі яе, трэба гаварыць да канца. Я паўтараю, гутарка ідзе не пра мяне аднаго. Для мяне навука з’яўляецца магутнай апорай, захапленнем, забавай, калі хочаце, запалам, які дапаможа мне ўсё забыць. Таксама як і вы, я магу жыць у невядомасці, задаволены надзеяй пакінуць калі-небудзь чалавецтву вынікі сваёй працы. Адным словам, я магу захапляцца вамі, прызнаваць у некаторых адносінах вашу правасць і нават адчуваць нейкую прыемнасць ад таго, што з’яўляюся ўдзельнікам вашых вандраванняў. Але ёсць іншыя бакі вашага жыцця, якія здаюцца мне звязанымі з нейкімі асаблівымі таямніцамі, і да іх на гэтым судне толькі я ды мае таварышы не маем ніякага дачынення. І нават тады, калі нашы сэрцы біліся ва ўнісон з вашым, кранутыя вашым горам або захопленыя вашымі талентамі і розумам, мы павінны былі адмовіцца ад малейшага выяўлення той сімпатыі, якую няўхільна нараджае ўсё добрае і прыгожае. І тое, што мы чужыя для ўсяго таго, што датычыцца вас, робіць наша прабыванне тут нязносным нават для мяне. Але асабліва нясцерпна яно для Нэда Лэнда. Кожны чалавек па адным тым, што ён чалавек, заслугоўвае, каб аб ім думалі Ці задаваліся вы пытаннем, якія планы помсты могуць узнікнуць у чалавека, які кахае волю і ненавідзіць нявольніцтва? У такога чалавека, як наш канадзец? Ці пыталіся вы сябе, што ён можа прыдумаць, на што ён можа адважыцца?..

Капітан Нэма ўстаў.

— Што можа прыдумаць Нэд Лэнд і на што ён можа адважыцца? Я гэтым не цікаўлюся. Не я яго шукаў. І я не для ўласнай прыемнасці трымаю яго тут. Што тычыцца вас, спадар Аранакс, дык вы з тых, хто можа ўсё зразумець, нават маўчанне. Мне больш няма чаго вам адказаць. Першая ваша спроба гаварыць са мной на гэтую тэму павінна быць апошняй, бо ў другі раз я не стану нават слухаць вас.

Я выйшаў. Пачынаючы з гэтага дня нашы адносіны зрабіліся стрыманымі.

Я перадаў нашу размову абодвум маім таварышам.

Поделиться:
Популярные книги

Светлая ведьма для Темного ректора

Дари Адриана
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Светлая ведьма для Темного ректора

Замуж второй раз, или Ещё посмотрим, кто из нас попал!

Вудворт Франциска
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Замуж второй раз, или Ещё посмотрим, кто из нас попал!

Ученичество. Книга 1

Понарошку Евгений
1. Государственный маг
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Ученичество. Книга 1

Прометей: каменный век

Рави Ивар
1. Прометей
Фантастика:
альтернативная история
6.82
рейтинг книги
Прометей: каменный век

Темный Патриарх Светлого Рода 4

Лисицин Евгений
4. Темный Патриарх Светлого Рода
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Патриарх Светлого Рода 4

Мимик нового Мира 4

Северный Лис
3. Мимик!
Фантастика:
юмористическая фантастика
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 4

Энфис 6

Кронос Александр
6. Эрра
Фантастика:
героическая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Энфис 6

Дворянская кровь

Седой Василий
1. Дворянская кровь
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
7.00
рейтинг книги
Дворянская кровь

Физрук: назад в СССР

Гуров Валерий Александрович
1. Физрук
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Физрук: назад в СССР

Дракон с подарком

Суббота Светлана
3. Королевская академия Драко
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.62
рейтинг книги
Дракон с подарком

Измена. За что ты так со мной

Дали Мила
1. Измены
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Измена. За что ты так со мной

Ратник

Ланцов Михаил Алексеевич
3. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
7.11
рейтинг книги
Ратник

Заход. Солнцев. Книга XII

Скабер Артемий
12. Голос Бога
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Заход. Солнцев. Книга XII

Изменить нельзя простить

Томченко Анна
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Изменить нельзя простить