Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
У названыя вышэй мовы фразеалагізм трапіў як недакладная калька з франц. n’а pas invent'e la poudre ці ням. hat das Pulver nicht erfunden m. (літаральна «пораху не вынайсці»).
Поўная чаша. Агульны для ўсходнесл. м. Часцей ужыв. пры дзейніку дом, абазначаючы ‘вельмі багаты, заможны, з вялікім дастаткам ва ўсім'. Дом Крамера — поўная чаша. Бургамістры валасцей, старасты, загадчыкі млыноў, наязджаючы ў мястэчка, не прамінаюць выпадку падкінуць сёе-тое раённаму бургамістру (І.Навуменка. Сасна пры дарозе).
Узнік праз
Гатоў, рад, хацелася, лепш бы праваліцца скрозь зямлю. Калька з грэч. м. (Гатоў і інш.) хутчэй схавацца, знікнуць з-за сораму, няёмкасці. Пасля такой неспакойнай ночы іду на сваю новую службу; a сам гатоў скрозь зямлю праваліцца (М. Ракітны. На прыстані).
Паводле М.І.Міхельсона, фразеалагізм выкарыстоўваўся ў старажытнагрэчаскай літараіуры, y тым ліку ў творы сатырыка Лукіяна (120–190), прычым з агаворкай «прымаўка».
Правая рука каго, чыя, y каго. Відаць, агульнаслав. (толькі ў балгараў няма гэтага фразеалагізма, y іх правая рука называецца адным словам — десница). Першы памочнік, супольнік. Аб’ездчык, сярэдніх год чалавек, правая рука ляснічага і пярвейшы шэльма, скрыва і злосна зірнуў на лесніка і павёў яго ў лес (Я. Колас. Малады дубок).
Паміж фразеалагізмам і аманімічным пераменным словазлучэннем — жывая асацыятыўная сувязь. Аднак паміж імі, на шляху ўтварэння фразеалагізма, было «прамежкавае звяно» — вайсковы тэрмін полк правай рукі. Гэты тэрмін ведалі ў Кіеўскай Русі. Камандаваў такім палком самы надзейны чалавек князя, звычайна яго блізкі родзіч. Карысталіся тэрмінам і пазней. Напрыклад, y Кулікоўскай бітве (1380) удзельнічаў полк правай рукі на чале з князем Андрэем Полацкім. Быў таксама полк левай рукі, але на яго аснове не склаўся адпаведны агульнанародны фразеалагізм, хоць у пэўным кантэксце, на фоне выслоўя правая рука, можа выкарыстоўвацца з цэласным значэннем ‘другі памочнік’ выраз левая рука: «Паўлюк у райкоме, a мой Кастусь у райсавеце. У Шаўчэнкі ён — левая рука. Раманаў правая, a ён левая — загадчык аддзела сельскага і калгаснага будаўніцтва. Таксама, можна сказаць, намеснік старшыні!» (Я. Брыль). Ведаюць фразеалагізм правая рука немцы (rechte Hand) і французы (main droite); цяжка сказаць, ці ён запазычаны імі ў славян, ці ўзнік самастойна.
Прагаласаваць абедзвюма рукамі. Гл. галасаваць (прагаласаваць) абедзвюма рукамі.
Праглынуць <горкую> пілюлю. Паўкалька з франц. м. (avaler la pilule). Моўчкі знесці крыўду, цярпліва выслухаць непрыемнае.
Aлe, на маё шчасце, інспектар.. згадзіўся, што… не можа быць забароненых тэм на шляху пазнання чалавека і прыроды… Адным словам, Адэлька мусіла праглынуць пілюльку, яшчэ адну (І.Шамякін. Снежныя зімы).
Узнік са свабоднага словазлучэння, на аснове яго канкрэтнага значэння склалася метафарычнае.
Праглынуць язык. Калька з франц. м. (avaler sa langue). Перастаць гаварыць, замоўкнуць. Яе смяшлівыя шчокі з ямачкамі па-дзіцячы расчырванеліся, а з прыгожых вачэй струменіла такая гарэзная весялосць, што Ляўчук проста праглынуў язык і забыўся на ўвесь учарашні інструктаж (В. Быкаў. Воўчая зграя).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.
Празандзіраваць глебу. Гл.
Праз (скрозь) зубы. Калька з франц. м. (entre ses dents). Ужыв. ca значэннямі ‘невыразна, неразборліва або ледзь чутна (гаварыць, мармытаць і пад.)’ і ‘з пагардай, незадавальненнем (гаварыць, цадзіць і пад.)’. Мікола правёў па «сівых» валасах малога, намацаў гуз ад кія і, заплюшчыўшы вочы, праз зубы ціха вылаяўся (Я. Брыль. Сірочы хлеб). Андрэй прабурчэў скрозь зубы: — Багатыр (М. Зарэцкі. Вязьмо).
Выраз усведамляецца як матываваны.
Прайсці агонь і ваду. Калька з англ. м. (go through flre and water). Зведаць, перанесці шмат чаго ў жыцці. Але дзіва дзіўнае: гэты Віткоўскі прайшоў усе агні і воды і ўцалеў! (У. Дамашэвіч. Дарожная гісторыя).
Першапачатковая вобразнасць фразеалагізма ўсведамляецца як ‘быць у агні і не згарэць, быць у вадзе і не патануць’. Ва ўсходнесл. мовах выраз ўжываецца і з дадаткам медныя трубы — вобразам, вядомым яшчэ ў Старажытнай Грэцыі як сімвал урачыстасці з аркестрам. Параўн.: «Прайшоў агонь, ваду, медныя трубы. Кажуць, прайсці медныя трубы — гэта прайсці цераз славу, самае цяжкае выпрабаванне» (І.Шамякін).
Пракаціць на вараных каго. Агульны для ўсходнесл. м. Забалаціраваць, праваліць на выбарах. Людзі яму не даруюць гэтага. Думаецца, што на справаздачным сходзе пракоцяць яго на вараных (А. Савіцкі. Палын — зелле горкае).
Прыведзены ўрывак-ілюстрацыя семантычна нічога б не страціў, калі б замест выразу пракоцяць на вараных застаўся толькі дзеяслоў пракоцяць; адно са значэнняў гэтага дзеяслова такое ж, як і значэнне фразеалагізма: «Мяне пракацілі… Не выбралі… Вось што здарылася…» (І.Шамякін); «Цябе могуць пракаціць» (А. Асіпенка). Такім чынам, фразеалагізм узнік на аснове слова пракаціць y выніку накладання на значэнне ‘забалаціраваць’ яшчэ аднаго значэння гэтага дзеяслова — ‘правезці’ і каламбурнага дапаўнення яго дадаткам на вараных. A для такога дадатку былі пэўныя падставы: раней на выбарах у некаторыя ўстановы галасавалі белымі («за») і чорнымі («супраць») шарамі; калі чорных (вараных) шароў аказвалася ў урне больш, чым белых, то гэта абазначала, што кандыдата «пракацілі… на вараных».
Пракладаць (пракладваць, пракласці, пралажыць) дарогу (шлях, сцежку) каму, чаму, куды. Агульны для ўсходнесл. м. Ствараць спрыяльныя ўмовы для дасягнення чаго-н., якой-н. мэты, для поспеху, развіцця. У драматургіі К. Крапіва — патрыярх. Авалодаўшы самым складаным жанрам літаратуры, ён праклаў сцежку нам, малодшым, на саюзную сцэну (ЛіМ. 26.03.1976).
Утвораны на аснове фразеалагізма пракладаць сабе дарогу (гл.) шляхам апушчэння кампанента сабе і замены яго залежным ад фразеалагізма словам у тым жа склоне, y якім стаяў апушчаны кампанент.
Пракладаць (пракладваць, пракласці, пралажыць) першую баразну. Уласна бел. Быць пачынальнікам, першаадкрывальнікам у якой-н. справе. Понтус не зробіць такіх памылак. Але затое ні за што не возьмецца пракладаць першую баразну. І самае лепшае, на што здатны, — выкрыць памылкі другіх (У. Карпаў. За годам год).
Утварыўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з пачынаннем араць зямлю плугам.