Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Асновай для ўтварэння фразеалагізма паслужыла мадэль: біць + этымалагічна «цёмны» назоўнік у мн. л. Гэта даволі прадуктыўная мадэль: біць лынды, біць брынды, біць байды, біць тылылы; параўн. ва ўкр. м.: бити байдики, бити баглаї, бити гандри, бити бурла; у рускай мове: бить баклуши. Усе яны, у тым ліку бібікі біць, — фразеалагізмы-сінонімы са значэннем ‘бадзяцца, займацца нявартымі справамі’. Назоўнікавы кампанент
Бітая гадзіна. Паўкалька з руск. м. (битый час). Вельмі доўга. — А вы лічыце, што шафёр не павінен абедаць? — Хай наздароўе абедае, але мы чым вінаватыя? Стаім бітую гадзіну… (І. Аношкін. Прэмія).
Узнікненне выразу звязана з боем гадзінніка. Бітая — літаральна ‘поўная, цэлая’; «намёк на гадзіну, якая „прабіла“ пасля пачатку яе» (М. І. Міхельсон). У «Зборніку беларускіх прыказак» І. І. Насовіча фіксуецца ў форме біты час.
Бітва з ветракамі. Гл. вайна (бітва, змаганне) з ветракамі.
Біцца як рыба аб лёд. Агульны для ўсходнесл. м.; фразеалагізм з блізкай вобразнасцю ёсць і ў некаторых іншых мовах, напрыклад (у пакампанентным перакладзе): біцца як рыба на сушы (балг.), біцца як рыба на пяску (польск.), біцца як карп на сушы (чэшск.). Без выніку і плёну намагацца, старацца, дабівацца чаго-н. Думаеш, каб было лепей і табе, і тваім бліжнім, б’ешся як рыба аб лёд, а ўсё не так атрымліваецца… (Я. Радкевіч. Сутокі дзён).
У аснове фразеалагізма — параўнанне з рыбамі, толькі што злоўленымі і кінутымі на лёд.
Біццё бібікаў. Уласна бел. Гультайства, бяздзейнасць. Алесь Лявонавіч, відаць, з цікавасцю да магчымага сюжэту, а я проста ад працяглага біцця бібікаў выказалі пажаданне азнаёміцца з статутам і мэтамі казацкае вольніцы (М. Скобла. Дзярэчынскі дыярыуш).
Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма біць бібікі, які абазначае ‘гультаяваць, займацца пустымі справамі’ (гл.).
Біць адбой. Агульны для ўсходнесл. (руск. бить отбой, укр. бити відбій) і балг. (бия отбой) м. Адступаць, адмаўляцца ад ранейшага намеру, рашэння, погляду. Няўжо і ты спалохаўся? Ох, як мы баімося, каб не выцягнулі з-пад нас крэсла! Нехта там пазваніў, не разабраўшыся, і ты гатовы біць адбой, таксама не ўнікнуушы ў сутнасць (І. Шамякін. Снежныя зімы).
Паходзіць з ваеннай тэрміналогіі, дзе адбой першапачаткова абазначаў ‘барабанны бой ці іншы гукавы сігнал пра адступленне войска’, а біць адбой — ‘падаваць знак адступлення’.
Біць байды. Гл. байды біць.
Біць
Біць лынды. Гл. лынды біць.
Біць пад дых каго. Уласна бел. Раптоўна ашаламляць якім-н. паведамленнем, дзеяннем, учынкам. —А вось кніга Бугаёва «Чалавечнасць». У ёй не знойдзеш класавага падыходу да аналізу літаратурнага жыцця, — б’е нас пад дых Зяньковіч. — Так і ў іншых выданнях (М. Дубянецкі. «Трэба рызыкаваць…»).
Склаўся ў выніку пераасэнсавання адпаведнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні баксёраў.
Біць паклоны каму. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. Ужыв. са значэннямі ‘кланяцца, аддаваць пашану, вітанне’ і ‘пачціва прасіць каго-н.’. Як ганяў скаціну ў лес, кожны чуць не з фігай лез, а як стаў багат сягоння, б’юць паклон мне на паклоне (В. Дунін-Марцінкевіч. Залёты). Не павядзе Каця [дачку да мачыхі], не хочацца ёй паклоны біць (П. Місько. Ціхае лета).
Паходзіць са свабоднага словазлучэння, звязанага з даўнейшым звычаем: у часе малітвы ўсе стаялі на каленях і білі паклоны, нахіляючыся галавой да самай падлогі.
Біць сябе ў грудзі. Напэўна, запазыч. з царк. — слав. м. Вельмі настойліва даводзіць што-н., запэўніваць у чым-н. — Як я не даў яму ўбачыцца з бацькам!? Як я мог так зрабіць?.. — Чаго цяпер біць сябеў грудзі… — сказаў нехта (К. Кірэенка. Віна).
Ад старажытнага звычаю самакатавання з прычыны смерці блізкіх і ў некаторых іншых выпадках. Выраз сустракаецца ў біблейскім тэксце: «И весь народ… видя происходившее, возвращался, бия себя в грудь» (Лука, 23, 48).
Біць тылылы. Уласна бел. Гультаяваць, займацца пустымі справамі. Дык яму ж толькі каб тылылы біць. Яму каб гатовенькае. Вучыліся, то спісваў задачкі, а на полі ж не будзеш на спісванні (Ф. Янкоўскі. Давай насыплю).
Узнік па мадэлі з ужо існуючымі, сэнсава тоеснымі фразеалагізмамі тыпу біць лынды. Структурная схема запоўнена словам тылылы, звязаным з ігрой «на язык ты-лы-лы; у некаторых беларускіх гаворках ёсць „тылілікаць“, „ты-лі-лі“» (Ф. М. Янкоўскі).
Біць у вочы. Агульнаслав. (руск. бить в глаза, укр. бити в очі, польск. bi'c w осzу, балг. бия в очи і інш.). Рэзка выдзяляцца, прыцягваць увагу. Уся гэта стракатасць грамады біла ў вочы (Я. Колас. У горадзе).
У фразеалагізме праз дзеяслоўны кампанент перадаецца не толькі зрокавае адчуванне, але і як бы пачуццё непасрэднага дакранання да вачэй.