Аліса ў Цудакуце
Шрифт:
– Для цябе розніцы аніякай,- сказаў Соне Капялюшнік, і на гэтым размова скончылася. Скарыстаўшыся хвілінаю цішыні, Аліса прыпамінала, што ведае аб крумкачах і пісьмовых сталах.
Цішыню парушыў Капялюшнік:
– Які сёння дзень месяца?- спытаўся ён у Алісы, выцягнуў гадзіннік і спалохана на яго паглядзеў. Потым патрос яго і прытуліў да вуха.
– Чацьвёртага,- крыху падумаўшы адказала яна.
– Адстаюць на два дні,- уздыхнуў Капялюшнік,- Я ж казаў табе не змазваць яго сметанковым
– Але ж гэта было НАЙЛЕПШАЕ масла,- выкручваўся Заяц.
– У яго напэўна трапілі крошкі,- бурчэў Капялюшнік,- не трэба было табе лезці ў яго хлебным нажом.
Заяц сумна паглядзеў на гадзіннік, апусціў яго ў кубак з гарбатай, паглядзеў зноў, а потым паўтарыў свае папярэднія словы:
– Масла ж было ЛЕПШЫМ!
Аліса праз яго плячо з цікавасцю паглядзела на гадзіннік.
– Які дзіўны гадзіннік,- заўважыла яна,- паказвае дні, а не гадзіны.
– Самы звычайны,- прамармытаў Капялюшнік,- а хіба твой гадзіннік паказвае год?
– Ой не!- шпарка адказала Аліса.- Год жа ж доўжыцца так шмат часу!
– Вось так вось і са МНОЙ,- сказаў Капялюшнік.
Гэтымі словамі ён моцна азадачыў Алісу. Ён быццам бы размаўляў іншай моваю, не гледзячы на тое, што словы былі ангельскія.
– Я вас не зразумела,- сказала яна, так ветліва, як толькі магла.
– Соня зноў спіць,- сказаў Капялюшнік і паліў ёй на нос гарбаты.
Соня захістала галавою і не распюшчваючы вачэй сказала:
– Так, так! Я толькі што хацела сказаць тое самае.
– Адгадала загадку?- спытаў Капялюшкік у Алісы.
– Ой не!- адказала тая.- І якая адгадка?
– Не ведаю,- сказаў Капялюшнік.
– Я таксама,- паведаміў Заяц.
Аліса стомлена енкнула:
– Вы б маглі прыдумаць лепшы спосаб бавіць час, чым загадкі без адказу!
– Калі б ты ведала Час, як я,- сказаў Капялюшнік,- ты б так пра ЯГО не казала.
– Не разумею пра што вы кажаце,- заўважыла Аліса
– Канечне ж не!- казаў Капялюшнік ганарліва падняўшы галаву.- Ты жа ж пэўна ніколі і не размаўляла з ЧАСАМ.
– Ніколі,- асцярожна заўважыла Аліса,- але аніраз думала, як бы змарнаваць час на сумотных занятках.
– Ах! Марыць Час!- казаў Капялюшнік.- Ён не любіць калі яго мораць. А была б ты з ім у сяброўскіх адносінах, Ён бы зрабіў бы дзеля цябе, што заўгодна. Уяві, а восьмай гадзіне ранніцы трэба пачынаць заняткі ў школе, ты шэпчаш Часу слова-другое. Гоп! І твой гадзіннік пачынае хутка круціцца! Вось, і ужо вялікая пераменка і абед!
– Шкада, што ў мяне так ужо не атрымаецца,- шэптам енкнуў Заяц
– Было б канечне добра,- уголас задумалася Аліса,- але ж я так хутка не паспею згаладацца.
– Ну з гэтым няма праблем,- сказаў
– І вы гэтым СПОСАБАМ карыстаецеся,- спыталася Аліса.
Капялюшнік маркотна захістаў галавой.
– Нажаль не,- адказаў Ён.- Мы пасварыліся з Ім у мінулым сакавіку, як раз перад тым, як ЁН звар’яцеў.
Капялюшнік паказаў лыжкай на Сакавіцкага Зайца
– Як раз быў ганаровы канцэрт, які ладзіла Чырвовая Каралева і я там спяваў:
“Кажаночак мой мігці!
Памажы цябе знайсці!”
– Ці ведаеш ты гэту песню?
– Штось падобнае чула,- казала Аліса.
– Калі ведаеш працяг,- казаў Капялюшнік,- дапамагай:
“Па-над Светам ты лятаеш,
Нібы імбрык з небакраю.
Кажаночак мой мігці...”
Тут Соня схамянулася і пачала спяваць у сне:
– Мігці, мігці, мігці, мігці...
І спявала так доўга, што яе вымушаны былі штурхнуць.
– Толькі я скончыў першы куплет,- працягваў Капялюшнік,- як Каралева ўскочыла і заенчыла: “Ён забівае наш час! Адсячы яму галаву!”
– Якая дзікасць!
– усклікнула Аліса.
– І вось з гэтага моманту,- жаласліва працягваў Капялюшнік,- ЁН нас кінуў! І ў нас заўсёды а шостай вечара!
– Час піць гарбату!- здагадалася Аліса.- Дык вось чаму ў вас так многа посуду?
– Так,- сказаў уздыхаючы Капялюшнік,- мы заўжды п’ем гарбату, мы нават не маем часу памыць посуд.
– І вы папросту рухаецеся па коле. Так?- спытала Аліса.
– Зразумела,- адказаў Капялюшнік.
– А што будзе, калі вы пройдзеце ўвесь стол?- рызыкнула спытаць Аліса.
– Набудзем новы посуд,- абарваў іх размову Сакавіцкі Заяц і пазяхнуў.- Вы мяне стамілі. Хай цяпер юная ледзі нам штось раскажа.
– Я нават не ведаю аб чым,- адказала Аліса, спалоханая гэткай прапановай..
– Ну, хай тады расказвае Соня,- Заяц і Капялюшнік закрычалі.- Прачынайся, Соня!
І яны сціснулі яе з абодвух бакоў. Мыш-Соня павольна расплюшчыла вочы.
– Я не сплю,- сказала яна сіплым слабым голасам,- я чула кожнае ваша слова.
– Раскажы нам якуюсь гісторыю,- запатрабаваў Заяц.
– Так, калі ласка!- узмалілася Аліса.
– Толькі хутчэй,- дадаў Капялюшнік,- ці заснеш раней, чым скончыш.
– Жылі сабе тры сястрычкі,- шпарка пачала Соня,- якіх клікалі Элсі, Лэйсі і Цілі. І жылі яны на дне глыбокага калодзежа...
– А чым яны там сілкаваліся?- спыталася Аліса, якую заўжды цікавілі пытанні аб разнастанай ежы і пітве.
– Яны спажывалі патаку,- адказала Соня падумаўшы хвіліну-другую.
– Калі б яны спажывалі толькі патаку,- мякка заўважыла Аліса,- яны б хутка захварэлі.